Аднаго з распрацоўнікаў «Навічка» зьбіла машына

Уладзімір Вуглеў, адзін са стваральнікаў атрутнага рэчыва «Навічок»

Аднаго распрацоўнікаў нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» Уладзіміра Вуглева зьбіла машына. Пра гэта ён сам распавёў парталу The Bell.

Паводле навукоўца, інцыдэнт адбыўся ў аўторак, 24 красавіка, пад Анапай. Вуглеў пераходзіў дарогу па пешаходным пераходзе побач з домам, дзе жыве. За стырном аўтамабіля быў пажылы жыхар пасёлку, які не спрабаваў уцячы зь месца здарэньня. Паводле кіроўцы, перад аварыяй ён задумаўся, распавёў Вуглеў.

У выніку наезду Вуглеў атрымаў траўму галавы, а таксама пашкоджаньні на нагах і руках. Цяпер ён у шпіталі. Яго стан ацэньваюць як здавальняючы.

Раней у інтэрвію Вуглеў распавядаў, што нэрвова-паралітычнае рэчыва, якое цяпер называюць «Навічком», распрацавалі менавіта ў Вольскім філіяле Дзяржаўнага навукова-дасьледчага інстытуту арганічнай хіміі і тэхналёгіі у Саратаўскай вобласьці, дзе ён працаваў да 1994 году. Цяпер навуковец на пэнсіі.

Паводле дадзеных брытанскіх уладаў, менавіта «Навічком» былі атручаны былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія ў Солсбэры. Масква абвяргае датычнасьць да замаху.

Пасьля інтэрвію навукоўца Бі-Бі-Сі (у ім Углеў заявіў пра сваю ўпэўненасьць у тым, што ў Солсбэры выкарыстоўваўся менавіта «Навічок») амбасада Расеі ў Вялікабрытаніі зьвярнулася да Лёндану з пытаньнем, ці перадаюць брытанскія ўлады інфармацыю ў «справе Скрыпаля» прыватным асобам, піша выданьне.