Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Джонсан: Расея заблыталася ў сваёй хлусьні

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан выступае ў Брусэлі.

Адмаўленьне Расеяй сваёй датычнасьці да атручваньня Сяргея Скрыпаля становіцца ўсё больш абсурдным. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, выступаючы ў Брусэлі падчас сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Эўразьвязу.

Паводле Джонсана, «спачатку яны (расейцы) кажуць, што ніколі не выраблялі „Навічок“ (нэрвова-паралітычнае рэчыва, выкарыстанае пры атручваньні Скрыпаля і яго дачкі), а іншым разам кажуць, што выраблялі „Навічок“, але запасы яго былі зьнішчаныя, але некаторыя зь іх таямніча апынуліся ў Швэцыі, у Чэскай Рэспубліцы, Славаччыне ці нават у Амэрыцы ці Злучаным Каралеўстве».

Паводле яго слоў, Вялікая Брытанія сутыкнулася з «клясычнай расейскай стратэгіяй, накіраванай на тое, каб схаваць іголку ісьціны ў стозе сена хлусьні». Аднак, як адзначыў Джонсан, праз 12 гадоў пасьля забойства Аляксандра Літвіненкі ў Лёндане ў расейцаў больш не атрымаецца нікога падмануць.

Джонсан заявіў, што «наўрад ці ёсьць краіна тут за сталом у Брусэлі, якая ў апошнія гады не была б закранутая нейкім шкодным актам або разбуральным паводзінамі Расеі, таму наша сіла і рашучасьць нашых эўрапейскіх сяброў настолькі ўражваюць».

Міністар адзначыў, што яго «натхніла сіла падтрымкі Вялікай Брытаніі ў дачыненьні інцыдэнту ў Солсбэры» з боку саюзьнікаў. Паводле яго ацэнкі, гэта адбываецца ў асноўным таму, што Вялікая Брытанія дзейнічае ў адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі ў адпаведнасьці з Дагаворам аб забароне распрацоўкі, вытворчасьці, назапашваньня і прымяненьня хімічнай зброі. «Гэта выглядае вялікім кантрастам у параўнаньні з тым, як паводзяць сябе расейцы», — заявіў Джонсан.

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні, выступаючы ў панядзелак (19 сакавіка) перад журналістамі па прыбыцьці ў Раду міністраў замежных спраў ЭЗ, заявіла, што пасьля дакладу Джонсана на сустрэчы міністраў ЭЗ будзе прынятая абноўленая пазыцыя ЭЗ у пытаньні аб атручэньні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсбэры.