Палітоляг: Апазыцыя «ўдзельнічае ў выбарчым фарсе» і «падтрымлівае лёгіку палітычнага рэжыму»

Скрыня для галасаваньня на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў у Менску

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што ў ацэнцы ўдзелу апазыцыі ў апошніх мясцовых выбарах трэба адштурхоўвацца ад таго, што ў Беларусі любыя выбары не з’яўляюцца дэмакратычнымі. Пра гэта ён сказаў у камэнтары Свабодзе.

Паводле палітоляга, уласна праз выбары ў Беларусі нельга дасягнуць рэпрэзэнтацыі ў органах кіраваньня, у дадзеным выпадку ў мясцовых саветах. Значыць, удзел у выбарах павінен разглядацца найперш для вырашэньня іншых палітычных задач.

«Дэмакратычныя сілы павінны дзейнічаць насуперак лёгіцы рэжыму. Дзейнічаць больш крэатыўна і асэнсавана для вырашэньня сваіх задач. Гэта, напрыклад, набыцьцё новых прыхільнікаў, большая ўласная кансалідацыя, прасоўваньне важных грамадзкіх інтарэсаў і г.д. Але ж мы бачым, што апазыцыя зыходзіць ня з гэтага. Яна ўдзельнічае ў гэтым выбарчым фарсе, нібыта ўяўляючы, што праходзіць рэальны працэс выбараў», — падкрэсьлівае Ягораў.

На ягоную думку, такім чынам дэмакратычная супольнасьць «хутчэй падтрымлівае існую лёгіку палітычнага рэжыму, чым супрацьдзейнічае яму».

Андрэй Ягораў

Спадзеў істотнай часткі апазыцыі на тое, што ўлады дадуць ёй у мясцовых саветах з дзесятак месцаў, Андрэй Ягораў называе «ні на чым не заснаваным».

«А ўлады чарговым разам выкарысталі альтэрнатыўныя палітычныя сілы для сымуляцыі выбарчага працэсу, для большай ягонай легітымацыі. І цяпер скажуць: апазыцыя ня здолела перамагчы, бо народ яе не падтрымлівае. Таму я ня бачу ніякай эфэктыўнасьці ў дзеяньнях апазыцыі», кажа экспэрт.

УЖЫВУЮ. Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі

У нядзелю 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%.

Выбары адбыліся, паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 18 110 акругах — на ўсіх, акрамя адной, дзе адзіны кандыдат зьняў кандыдатуру яшчэ да пачатку выбараў.

Прадстаўнікі апазыцыйных партый не прайшлі ў абласныя і Менскі гарадзкі саветы.