Выбух адбыўся ў раёне, дзе знаходзяцца замежныя амбасады Швэцыі, Індыі і Інданэзіі, а таксама ўпраўленьне паліцыі і прадстаўніцтва Эўразьвязу. Сьцьвярджаецца, што зламысьнік выкарыстаў машыну хуткай дапамогі і бесьперашкодна праехаў на адзін з кантрольна-прапускных пунктаў. На наступным КПП кіроўцу спыніла ахова, пасьля чаго ён прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне.
Адказнасьць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Талібан».
Сёньняшні тэракт у Кабуле — трэці з пачатку году. 4 студзеня тэрарыст-сьмяротнік прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне побач з паліцэйскім блокпастом. Загінулі больш за 10 чалавек, больш за 20 пацярпелі. 20 студзеня радыкальныя ісламісты напалі на гатэль Intercontinental. Тады загінулі 18 мірных грамадзянаў, сярод якіх — сямёра грамадзянаў Украіны.