Прынамсі 11 чалавек загінулі і яшчэ 25 былі параненыя ад выбуху тэрарыста-самагубцы ў сталіцы Аўганістану, Кабуле. Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Аўганістану сказаў у інтэрвію AFP, што колькасьць ахвяраў можа павялічвацца.
Пакуль што ніводная арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасьць за выбух.
31 сьнежня ад самагубчага выбуху на пахаваньні у аўганскім горадзе Джалалабад загінулі прынамсі 15 чалавек. Нападнік падарваў сябе, калі людзі сабраліся на пахаваньні былога губэрнатара на гарадзкіх могілках.
Раней, 28 сьнежня, у Кабуле прынамсі 41 чалавек быў забіты і больш за 80 параненыя падчас самагубчага тэракту ў шыіцкім культурным цэнтры.
Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за гэты напад, які стаў адным з найгоршых на працягу некалькіх месяцаў.
Аўганскія ўрадавыя войскі, якіх ЗША падтрымлівае паветранымі ўдарамі, заяўляюць пра посьпехі ў баявых дзеяньнях супраць супраць талібаў і іншых груповак, у тым ліку «Ісламскай дзяржавы», аднак напады на грамадзянскія аб’екты ў Аўганістане працягваюцца і прыводзяць да вялікіх страт.