Колькі прэтэндэнтаў выставяць апазыцыйныя партыі на мясцовых выбарах?

8 студзеня — апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі маюць права падаць свае дакумэнты на рэгістрацыю. Свабода пацікавілася, якая сытуацыя з дакумэнтамі ў апазыцыйных палітычных партыях.

Досьвед іншых выбарчых кампаній паказвае, што магчымасьцю «ўскочыць» у апошні трамвай звычайна карыстаюцца толькі палітычныя партыі. Прэтэндэнты, якія вылучаюцца праз збор подпісаў альбо ад працоўных калектываў, звычайна да апошняга дня гэты працэс не адкладаюць.

АГП: Асобаў — 40, кандыдатаў — болей

Васіль Палякоў

Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў кажа, што партыя вылучае на мясцовыя выбары 40 «сьпікераў». Але паколькі некаторыя зь іх адначасова балятуюцца ў саветы рознага ўзроўню (напрыклад, абласны і раённы), то агульная колькасьць прэтэндэнтаў будзе большая.

«Амаль усе патэнцыйныя кандыдаты вылучаюцца ад партыі. Толькі некалькі чалавек зьбіралі подпісы. Вылучэньне ідзе і сёньня: у Віцебску, Гомлі, Маладэчне... Для афармленьня дастаткова рашэньня рады адпаведнай зарэгістраванай партыйнай арганізацыі. Напрыклад, для кандыдата ў Гомельскі абласны савет — рады нашай абласной філіі», — удакладняе спадар Палякоў.

БСДП (Грамада): Ударнага рэгіёну няма

Ірына Вештард

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард арыентуецца на лічбу 60.

«На апошнім пасяджэньні партыйнага прэзыдыюму налічылі 64. Калі будзе столькі — яшчэ лепш. Некаторыя нашы прэтэндэнты зьбіралі подпісы выбарнікаў: тады і зь людзьмі больш кантактуеш, і праблемы акругі лепш пазнаеш. Нейкага ўдарнага рэгіёну ў нас няма — у кожнай вобласьці прыкладна аднолькавая колькасьць патэнцыйных кандыдатаў», — кажа старшыня БСДП (Грамада).

Партыя БНФ: Пераарыентуюцца на збор подпісаў

У партыі БНФ уся выбарчая статыстыка — у намесьніка партыйнага старшыні Зьмітра Салошкіна.

«Сёньня некалькі нашых кандыдатаў яшчэ адносяць неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты: у Баранавічах, у Менску. Спадзяёмся „закрыць“ паўсотні акругаў. Сёлета нашы прэтэндэнты больш актыўна зьбіралі подпісы. Прапорцыя прыкладна такая: 60% вылучэнцаў ад партыі, а 40% праз подпісы. Раней пераважная бальшыня арыентавалася на партыйныя сьпісы», — кажа спадар Салошкін.

«Справядлівы сьвет»: левыя адмаўляюцца назваць колькасьць кандыдатаў

Валер Ухналёў

Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў кажа, што партыйцы зьбіралі подпісы толькі там, дзе ў партыі няма афіцыйна зарэгістраваных структур.

«Ёсьць такія рэгіёны, дзе мы маем асобных актывістаў, а філію з розных прычын афіцыйна зарэгістраваць дагэтуль не атрымліваецца. Вось там нашы людзі і зьбіралі подпісы выбарнікаў, каб зарэгістравацца кандыдатамі.

Напрыклад, у Слоніме, дзе раённай філіі няма, Аляксандар Будун ідзе ў райсавет праз подпісы. А ў Гарадзенскі абласны савет ён вылучаецца ад партыі», — тлумачыць намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету».

Агульную колькасьць прэтэндэнтаў ад партыі Валер Ухналёў называць ня хоча. Кажа, што навучаны горкім досьведам падобных выбараў у 2014 годзе.

«Тады мы плянавалі вылучыць каля 170 кандыдатаў. Але рэальна амаль палова зь іх „згубілася“. Некаторыя з сурʼёзных прычын, а некаторыя з уласнага разгільдзяйства», — кажа Валер Ухналёў.

Чатыры гады таму гэтыя ж апазыцыйныя палітычныя партыі супольна прадставілі на рэгістрацыю 277 прэтэндэнтаў на дэпутацтва.

Мясцовыя выбары заплянаваныя на 18 лютага.