Расійская тэлевядучая і журналістка Ксенія Сабчак заявіла, што гатовая зьняць сваю кандыдатуру на карысьць іншых апазыцыянэраў, перадае агенцтва РІА Навіны.
«Я хачу з усімі абʼядноўвацца. Я, напрыклад, шмат у чым не згодная з Навальным, але ў нас з Навальным і Яўлінскім ёсьць агульная мэта, якая зьяўляецца кропкай абʼяднаньня. У гэтых адносінах я гатовая ісьці аж да зьняцьця сваёй кандыдатуры», — сказала Сабчак.
Разам з тым Ксенія Сабчак удакладніла, што гатовая зьняць сваю кандыдатуру на карысьць Аляксея Навальнага, або Рыгора Яўлінскага, толькі ў тым выпадку, калі іх зарэгіструюць у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты.
Выбары прэзыдэнта Расеі пройдуць 18 сакавіка 2018 году. На дадзены момант аб жаданьні ўдзельнічаць у іх у якасьці кандыдата выказалася некалькі дзесяткаў чалавек. Фаварытам экспэрты называюць дзейнага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна, апытаньні аддаюць яму да 68% галасоў. Рэйтынг Сабчак па стане на пачатак сьнежня складаў усяго 1%.