Ярмошына пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і 21 год на чале ЦВК

Лідзія Ярмошына падчас парлямэнцкіх выбараў. Верасень 2016 году.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла ў інтэрвію газэце «Рэспубліка», што прэзыдэнцкія выбары могуць адбыцца датэрмінова — ужо ў 2019 годзе.

Паводле Ярмошынай, калі выбарчае заканадаўства ня будзе мяняцца, то пры канцы 2018-га яна зьвернецца да Аляксандра Лукашэнкі наконт тэрмінаў правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі — «думаю, гэта будзе нарада аб тэрмінах выбарчых кампаніяў»

«Справа ў тым, што ў 2020-м яны супадаюць, і павінна быць прынята рашэньне, якая кампанія будзе першай. Акрамя таго, у наступным годзе мы ўжо павінны закладваць пэўную суму ў бюджэт на восень 2019-га, на пачатак кампаніі», — заявіла яна ў інтэрвію.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2015 годзе.

Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году, а выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазьней за 10 верасьня. Але Лідзія Ярмошына ня лічыць, што дзьве гэтыя кампаніі магчыма сумясьціць.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.

Лідзія Ярмошына кіруе Цэнтрвыбаркамам 21 год, з 1996 году.

— Сама не заўважыла, як час прайшоў. Кажуць жа, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Мяне ў свой час прызначалі толькі выканаўцам абавязкаў старшыні ЦВК. Калегі, калі праводзілі ў Мінск, сукенку мне куплялі. Мая зарплата ў Бабруйскім гарвыканкаме тады была 30 даляраў у эквіваленце. І я, разьвітваючыся, прасіла нікому не аддаваць маё месца, бо была ўпэўненая, што хутка вярнуся. Зьяжджала на месяц, а аказалася, на 21 год. Гэта зьменены лёс: калі ты так рэзка і надоўга ўсё зьмяняеш, ты зьмяняеш усё сваё жыцьцё і становісься іншай асобай. Так, я хацела ў Менск з пункту гледжаньня разьвіцьця: хадзіць па тэатрах і музэях. Але па тэатрах ня будзеш хадзіць кожны дзень. Рэдкія камандзіроўкі прыносілі мне больш задавальненьня. Я ўвогуле вельмі люблю Бабруйск і сумую па ім. На жаль, апошнія два гады бываю там досыць рэдка.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нарадзілася ў 1953 годзе ў Слуцку ў сям’і вайскоўца. У першую клясу пайшла ў нямецкім Вэймары, па месцы службы бацькі. Але праз год, у 1961-м, бацькі вярнуліся ў Беларусь і пасяліліся ў Бабруйску. Скончыўшы школу, яна паступіла на юрыдычны факультэт Калінінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пасьля выпуску амаль 15 гадоў працавала юрыстам у Калінінградзе. У 1988 годзе Ярмошына вярнулася ў Бабруйск. Уладкавалася ў юрыдычны аддзел Бабруйскага райвыканкаму, да 1996 году працавала там. У сьнежні 1996 году была прызначана старшынёй ЦВК замест Віктара Ганчара. Ніводныя выбары, якія яна праводзіла, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю ані свабоднымі, ані справядлівымі.