Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кар’ера Ярмошынай пачалася з фальсыфікацыі


Авальная заля. Фота Ул. Сапагова

Пры зацьвярджэньні новых членаў ЦВК у красавіку 1992 былі зарэгістраваныя дэпутаты, якія адсутнічалі на сэсіі і нават знаходзіліся ў замежных камандзіроўках (у тым ліку – і прэм’ер Кебіч).

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Пасьля таго, як Ініцыятыўная група здала ў Цэнтральную камісію 442 тысячы сабраных подпісаў, кіраўніцтва Савету Міністраў і падкантрольная яму дэпутацкая група «Беларусь» вырашыла «ўзмацніць» склад камісіі, дзе было некалькі вакансіяў. Яшчэ раней замест былога кандыдата ў члены бюро ЦК КПБ і старшыні Камітэту народнага кантролю Міхаіла Лагіра, які ўзначальваў ЦВК у часе выбараў 1990 году, быў абраны прафэсар Аляксандар Абрамовіч — Шушкевіч і іншыя дэмакратычныя былыя народныя дэпутаты СССР лічылі, што ён добра зарэкамэндаваў сябе ў якасьці члена Камітэту канстытуцыйнага нагляду СССР (своеасаблівы аналяг Канстытуцыйнага суду). Нейкім чынам парлямэнцкая большасьць прапусьціла яго ў старшыні, але хутка ўсьвядоміла памылку і адчула небясьпеку. Таму да іншых новых кандыдатураў членаў ЦВК падышлі адказна. І, каб гарантавана падстрахавацца ад непрыемных сюрпрызаў, выбралі іх, пераважна, з апарату юрыдычных аддзелаў выканкамаў.

Пры гэтым фармальна выканалі норму закону, які абавязваў вылучэньне і абмеркаваньне ў працоўных калектывах: хіба, напрыклад, юрыдычны аддзел Бабруйскага гарвыканкаму — гэта не працоўны калектыў? Ад гэтага калектыву была прапанаваная зусім невядомая юрыдычная кансультантка Лідзія Ярмошына, якой празь некалькі гадоў і на некалькі дзесяцігодзьдзяў на пасадзе старшыні ЦВК давядзецца зрабіцца ключавой асобай усіх афіцыйных выбарчых кампаніяў, а ў нейкім сэнсе — і сымбалем, тварам гэтых кампаніяў.

Менавіта ў тыя дні, 21-22 красавіка, калі Вярхоўны Савет прызначаў новых членаў ЦВК, і ўзышла зорка Лідзіі Ярмошынай.

Дэбаты па кандыдатурах на сэсіі доўжыліся два дні, у прамежку паміж разглядам іншых пытаньняў парадку дня. Уласна, спрэчкі былі ня столькі пра асобаў, якія прапаноўваліся ў камісіі, колькі пра сам прынцып іх вылучэньня, пры якім намэнклятура захавала толькі бачнасьць выкананьня закону. Я прыводжу найбольш характэрныя ўрыўкі з выступаў дэпутатаў, зафіксаваных у стэнаграме. (Тут і ў наступных разьдзелах я падаю ўсе выступы дэпутатаў у перакладзе на беларускую мову. Варта ўлічыць, што дэпутаты БНФ выступалі пераважна па-беларуску, дэпутаты-намэнклятурнікі — выключна па-расейску.)

Фальсыфікацыя ў Авальнай залі

Пасяджэньне, на якім меліся зацьвярджацца новыя члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндумах, пачалося з парушэньня.

Дэпутат Апазыцыі БНФ Уладзімер Новік заўважыў, як невядомы чалавек націснуў кнопку рэгістрацыі на месцы, дзе звычайна сядзеў Вячаслаў Кебіч. Вёў пасяджэньне першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Вячаслаў Кузьняцоў.

Уладзімер Hовік: «Паважаныя дэпутаты! Была груба парушана працэдура. Дэпутат Кебіч адсутнічае на месцы, а тым ня менш невядомы чалавек прыйшоў і зарэгістраваўся за дэпутата Кебіча. Я лічу, што гэта недапушчальна і гэты чалавек павінен пакінуць залю, як гэта прынята ў іншых парлямэнтах сьвету. Я прашу гэтага чалавека пакінуць залю, ён парушае працэдуру, гэта недапушчальна, гэта зьневажаньне Вярхоўнага Савету».

Валянцін Голубеў: «Я прашу старшыню спыніць таго чалавека, які зараз ідзе... (Шум у залі). Спыніце, калі ласка, растлумачце дэпутатам, хто гэта такі, чаму ён сядзеў на месцы спадара Кебіча, чаму ён зарэгістраваўся. І, дарэчы, у такіх выпадках трэба браць даведку ў сакратарыяту, ці сапраўды так зроблена, і потым даць ацэнку».

Cтаршыня: «Добра, мы папросім сакратарыят удакладніць».

Сяргей Навумчык: «Шаноўны старшыня! Вы разумееце, тое, што цяпер адбылося, гэта скандал (Шум у залі). У нармальных парлямэнтах адмяняецца пасяджэньне і ідзе сьледзтва, гэта грубейшае парушэньне парлямэнцкай працэдуры, закону».

Cтаршыня: «Мы папрасілі сакратарыят разабрацца. Дзякуй. Я думаю, ён дасьць нам інфармацыю. Пераходзім да разгляду асноўнага пытаньня парадку дня. (Шум у залі). Народны дэпутат Голубеў, прашу зь месца не крычаць…»

Да мікрафона падышла член Камісіі па дэпутацкай этыцы Інэса Драбышэўская.

Інэса Драбышэўская: «Кебіч сапраўды зарэгістраваны прысутным на сэсіі. Вячаслаў Мікалаевіч, але ж гэта абуральны факт. Што гэта значыць? (Шум у залі)… Я не выступаю супраць Кебіча, але гэта факт грубейшага парушэньня працэдуры. Што гэта за падстаўная асоба, якая замест кожнага з нас можа тут прысутнічаць?»

Кузьняцоў абмежаваўся тым, што правёў перарэгістрацыю, і далей дэпутаты пачалі разглядаць у другім чытаньні праект Закону аб прафэсійных саюзах.

Закон гэты прымаўся цэлы дзень, увесь гэты час пяцёра кандыдатаў у члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндуму сядзелі ў Авальнай залі, чакаючы, пакуль дойдзе да іх. Ужо ў першыя хвіліны прысутнасьці на пасяджэньні найвышэйшага заканадаўчага органу яны атрымалі прыклад фактычна беспакаранай фальсыфікацыі пры рэгістрацыі кіраўніка ўраду. Можна меркаваць, што Лідзія Ярмошына, якая была ў гэтай «пяцёрцы», зрабіла для сябе высновы.

«Апарат міністэрства — таксама працоўны калектыў»

Да прызначэньня членаў ЦВК справа дайшла толькі на вечаровым пасяджэньні, калі дэпутаты былі стомленыя даволі экспрэсіўнай дыскусіяй па спрэчных палажэньнях «прафсаюзнага» закону.

Выглядала, што старшыня парлямэнцкай Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Ўладзімер Леўчык, які прадстаўляў гэтае пытаньне парадку дня, спадзяваўся, што яно будзе разгледжана хутка.

Але мы імкнуліся сарваць такі сцэнар.

У сваім выступе Леўчык нагадаў, што Цэнтральная выбарчая камісія «была ўтворана 4 сьнежня 1989 году. Як бачна, прайшло ўжо больш за два гады, і за гэты час у яе складзе адбыліся значныя зьмены. На асабістую просьбу быў звольнены з пасады старшыні камісіі Лагір, нядаўна мы зацьвердзілі на гэтую пасаду Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча». Паколькі са складу камісіі па розных прычынах выбылі некалькі членаў, Леўчык паведаміў, што «Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету 3 красавіка разгледзеў пытаньне аб папаўненьні складу Цэнтральнай камісіі. У прынятай пастанове даручана Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве ўнесьці гэтае пытаньне на разгляд Вярхоўнага Савету. У адпаведнасьці з артыкулам 20 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь" прэзыдыюмы Берасьцейскага, Віцебскага, Магілёўскага і Менскага абласных саветаў народных дэпутатаў разгледзелі прапановы працоўных калектываў аб вылучэньні кандыдатур у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь і рэкамэндавалі іх для разгляду ў Вярхоўным Савеце».

Далей Леўчык сказаў, што ягоная камісія, «разгледзеўшы ўсе прадстаўленыя матэрыялы, ня выявіла парушэньняў парадку вылучэньня кандыдатураў у склад Цэнтральнай камісіі», і вынес кандыдатуры на зацьвярджэньне парлямэнтам. «Я спадзяюся на станоўчае вырашэньне гэтага пытаньня», — завяршыў сваю кароткую прамову Ўладзімер Леўчык.

Першым да мікрафона падышоў дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў і запытаўся, якія грамадзкія арганізацыі ўдзельнічалі ў вылучэньні кандыдатаў, паколькі закон прадугледжвае іх удзел. Адказу ад Леўчыка ён не атрымаў, і тады пытаньне паўтарыла Галіна Сямдзянава.

Сямдзянава: «Артыкул 20 Закону аб выбарах абвяшчае, што вылучаецца прэзыдыюмамі абласных саветаў з улікам меркаваньня працоўных калектываў і рэспубліканскіх грамадзкіх арганізацый. Якія грамадзкія арганізацыі рэкамэндавалі Прэзыдыюму дадзеныя кандыдатуры? Гэта адно пытаньне. Пытаньне другое. Чаму ваша камісія не ўлічыла пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету? Там выразна напісана... аб кандыдатурах у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў замест выбыўшых з улікам прапановаў прэзыдыюмаў Берасьцейскага, Віцебскага, Магілёўскага і Менскага гарадзкога саветаў, але ніяк ня Менскага абласнога савету, прабачце. Чаму не выконваецца пастанова Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету?»

Стэнаграма сэсіі не патлумачыць будучым дасьледнікам, чым было выклікана акцэнтаваньне Галінай Сямдзянавай увагі менавіта на адным з рэгіёнаў — здавалася б, чыста фармальная розьніца, прэзыдыюм Менскага гарадзкога альбо Менскага абласнога саветаў вылучыць сваю кандыдатуру. Розьніца, аднак, была, і вялікая. Бо менавіта Менскі гарадзкі савет быў, паводле складу дэпутацкага корпусу, адным з найбольш прагрэсіўных органаў мясцовай прадстаўнічай улады — палову там складалі дэпутаты дэмакратычных перакананьняў, шмат было членаў БНФ, такіх як Галіна Вашчанка, Алесь Бяляцкі, Сяргей Антончык і Юрась Беленькі (апошнія двое былі адначасна дэпутатамі і Менскага гарадзкога савету, і Вярхоўнага Савету). Адпаведна, дэпутаты мелі ўплыў і на рашэньні прэзыдыюму, і ў выпадку, калі б давялося вылучаць кандыдатуру ў ЦВК, гэта, бясспрэчна, быў бы калі і ня «фронтавец», дык як найменей чалавек дэмакратычных поглядаў. Менавіта таму прэзыдыюму Менгарсавету не прапанавалі вылучыць кандыдатуру — пры тым, што нават Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету даў для яго «разнарадку» (апошняе, канешне, было ня больш чым спробай захаваць выгляд законнасьці). Свайго кандыдата прадставіў прэзыдыюм Менскага абласнога савету — які цалкам кантраляваўся намэнклятурай.

Леўчык патлумачыў, што Менгарсавет ліквідаваў свой прэзыдыюм і можа сабраць сэсію толькі ў траўні, да таго ж у ЦВК, паводле яго, было дзевяць прадстаўнікоў ад Менску, тады як ад Гомельскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай вобласьцяў — па адным, а ад Віцебскай — увогуле нікога.

Усе гэтыя дзевяць прадстаўнікоў, аднак, былі прызначаныя ў ЦВК яшчэ за камуністычным часам.

Далей старшыня Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве паведаміў, якія «працоўныя калектывы» вылучылі кандыдатаў.

Леўчык: «Аб рэкамэндацыі таварыша Баня. Адбыўся сход аддзелу... агульны сход работнікаў Упраўленьня юстыцыі Менаблвыканкаму. Па Мініну ─ агульны сход работнікаў Віцебскага абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў. Па Сукалу ─ агульны сход супрацоўнікаў апарату Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Па Цімафеевічу ─ сход працоўнага калектыву Ўпраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму. Па кандыдатуры Ярмошынай Лідзіі Міхайлаўны ─ сход калектыву работнікаў Бабруйскага гарвыканкаму».

Зразумела, такім сходам можна палічыць якую заўгодна працоўную нараду, сабраную, напрыклад, старшынём Бабруйскага гарвыканкаму. Фармальна — парушэньня закону тут не было: гэта — таксама працоўны калектыў. Але ва ўсіх пяці выпадках гэты былі калектывы чыноўнікаў. Канешне, не было ніякага вылучэньня альтэрнатыўных кандыдатураў, бо начальства ўжо назвала кандыдата, не было і дыскусіяў — сабраліся і аднадушна прагаласавалі. А магчыма — нават і не зьбіраліся, а проста аформілі пратакол.

Сытуацыя ўзьнікла для парлямэнцкай большасьці непрыемная.

Уратаваў яе, як гэта ўжо неаднойчы здаралася, былы другі сакратар Гомельскага абкаму Міхаіл Мачуленка, які прапанаваў «не пароць гарачку» і не «псаваць настрой» кандыдатам, а перанесьці галасаваньне на заўтра, на «сьвежую галаву».

Камуніст зразумеў камуніста — для зацьвярджэньня кандыдатураў, з улікам таго, што на вечаровых пасяджэньнях дэпутатаў было заўсёды меней, магло банальна не хапіць галасоў. Старшыня пасяджэньня заявіў, што «людзі прыехалі з усёй рэспублікі» (дарэчы, вельмі рэдка з вуснаў камуніста гучала слова «краіна»), і зьвярнуўся да дэпутатаў з просьбай усім прыйсьці, «каб у нас быў максымальны кворум».

Гэтак і вырашылі — без галасаваньня.

«Засільле адной, ужо не кіруючай партыі»

Наступны дзень, 22 красавіка, як заўсёды, пачаўся з разьдзелу «Рознае», у якім, сярод іншых, выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Грынёў: «Расея вінаватая рэспубліцы 12 мільярдаў рублёў за прадукцыю, якая пастаўляецца зь Беларусі, у тым ліку па Магілёўскай вобласьці Расея вінаватая 370 мільёнаў рублёў за прадукцыю сельскай гаспадаркі. І давайце ўдумаемся, чаму кіраўніцтва Расеі не ідзе на прапанову аб перазаліку. Я расцэньваю так: каб "задушыць" і калгасьнікаў, і прамысловасьць. Бо за тое, што мы пастаўляем у Расею мяса і малако, Расея з намі не разьлічваецца. І, у рэшце рэшт, апошнімі, крайнімі застаюцца калгасы і саўгасы. З гэтай трыбуны неаднаразова гучалі прамовы аб тым, што калгасы трэба разагнаць. Гэта значыць, атрымліваецца, што праз Расею ідзе «здушэньне» калгасаў і саўгасаў нашай рэспублікі. Вы памятаеце, калі мы абмяркоўвалі дамову СНД, колькі было запэўненьняў, што гэта добра, што развал Саюзу ─ гэта таксама добра і гэтак далей. Я так разумею, што калі кіраўніцтву рэспублікі хапіла розуму разваліць Саюз і нам паабяцаць, што СНД будзе лепшае, чым Савецкі Саюз, хай яно паступова ідзе да таго, каб людзі пачулі і ўбачылі, што гэта лепш».

У гэтай рэпліцы кіраўніка Магілёўскай вобласьці выявіўся ці ня ўвесь спэктар пазыцыі тых, хто кіраваў краінай і павінен быў вызначаць яе палітыку (у тым ліку і міжнародную). Як кіраўнік вобласьці, Грынёў бачыў (напэўна, куды лепей за нас, дэпутатаў апазыцыі), што Расея папросту выціскае зь Беларусі плён працы, нічога не даючы ўзамен (так было і пры СССР — Беларусь пастаўляла прадукты ў Маскву і Ленінград). Аднак у яго (дарэчы, былога першага сакратара райкаму) не хапала здольнасьці зразумець, што якраз такі прыклад і павінен быць нагодай для пераасэнсаваньня адносінаў з Масквой — па ўсіх пытаньнях Грынёў галасаваў за саюз з Расеяй. І прычыны ўсіх бедаў бачыў у развале СССР — інакш кажучы, у Незалежнасьці. Пазьней, ужо пры Лукашэнку, у пачатку 2000-х, у адным з прапагандысцкіх фільмаў тэлебачаньня ён выкажацца пра развал Савецкага Саюзу як пра злачынства — непрыманьне Незалежнасьці застанецца зь ім на ўсё жыцьцё. Але ў гэтым сэнсе Грынёў нічым не адрозьніваўся ад іншых кіраўнікоў вобласьцяў у 1992 годзе. І менавіта такія людзі і вызначалі палітыку ў Вярхоўным Савеце.

Калі я чуў гэткія выступы (а яны гучалі на сэсіях Вярхоўнага Савету ледзь не штодня), я ўспрымаў абвяшчэньне Незалежнасьці гэтымі самымі людзьмі 25 жніўня 1991 году як цуд (цуду, канешне, не было — тое быў вынік тактыкі дэпутатаў Народнага Фронту і выключна ўдалага, дарэчнага выступу Пазьняка перад галасаваньнем).

Нарэшце, вярнуліся да разгляду кандыдатаў у склад Цэнтральнай камісіі.

Мы адразу пайшлі ў наступ.

Голубеў: «Апазыцыя БНФ. Я спадзяюся, сёньня паважаны старшыня камісіі дасьць тлумачэньне, што закон кажа пра вылучэньне гэтых кандыдатаў, і раскажа нам, з прадстаўнікамі якіх рэспубліканскіх грамадзкіх арганізацый раіліся пры вылучэньні гэтых людзей. Скажа, прадстаўнікі якіх грамадзкіх арганізацый, акрамя былой КПБ, прысутнічаюць і вылучаюцца цяпер у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў. Як ішло гэтае вылучэньне? Ці адпавядала яно на гэтым этапе вылучэньням у першапачатковы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі? Дзякую».

Леўчык: «У артыкуле 20 Закону "Аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь" гаворыцца: "Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь утвараецца Вярхоўным Саветам па прапановах абласных і Менскага гарадзкога саветаў народных дэпутатаў ці іх прэзыдыюмаў з улікам меркаваньняў працоўных калектываў і рэспубліканскіх органаў грамадзкіх арганізацый не пазьней чым за 90 дзён да выбараў у складзе старшыні, двух намесьнікаў старшыні, сакратара і 15 членаў камісіі. Тэрмін паўнамоцтваў Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь ─ пяць гадоў". З гэтага вынікае, па-першае, што кандыдатуры ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў прапануюцца Вярхоўнаму Савету толькі абласнымі і Менскім гарадзкім саветамі або іх прэзыдыюмамі. Па-другое, працоўныя калектывы вобласьці, рэспубліканскія органы грамадзкіх арганізацый на пленумах, канфэрэнцыях рэспубліканскіх органаў могуць выказваць сваё меркаваньне па кандыдатурах, прапанаваных абласнымі і Менскім гарадзкім саветамі. Такія думкі выказваюцца да ўнясеньня прапаноў па кандыдатурах у Вярхоўны Савет на сэсіях адпаведных саветаў або пасяджэньнях прэзыдыюму, дзе абмяркоўваюцца кандыдатуры ў Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў».

Hавумчык: «Паважаны Ўладзімер Канстанцінавіч, вы сказалі, што гэтыя кандыдатуры абмяркоўваюцца ў грамадзкіх арганізацыях, на пленумах мясцовых філіялаў грамадзкіх арганізацый. Усё ж такі, калі ласка, хоць адзін прыклад. Ну, скажам, прадстаўнік ад Віцебску. Дзе ён абмяркоўваўся? А можа, у яго былі нейкія канкурэнты? А можа, віцебскі завод "Камінтэрн" вылучыў нейкую альтэрнатыўную кандыдатуру, а гэты аказаўся лепшым кандыдатам? Гэта людзі, якія будуць фармаваць выбарчыя камісіі і гэтак далей, кантраляваць правядзеньне будучых выбараў. Калі ласка, яны павінны прайсьці самі нейкую канкурэнтную барацьбу і быць лепшымі зь лепшых. Дык, калі ласка, прыклады, хоць па адным. Дзе вось гэта пройдзена?»

Леўчык: «Я ўчора сказаў па кожнай кандыдатуры, дзе абмяркоўвалася пытаньне. Трэба ўважліва слухаць».

Навумчык: «Я ўважліва слухаў. І высьвятляецца, што яны абмяркоўваліся кожны ў сваіх калектывах. І, скажам, начальнік юрыдычнага ўпраўленьня Менаблвыканкаму, гаварыў Садоўскі, абмяркоўваўся ў сваім упраўленьні, і яго, начальніка, вылучылі, прызналі найлепшым».

Сямдзянава: «Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту. У мяне ў руках пастанова Вярхоўнага Савету яшчэ Беларускай ССР, дзе быў абраны склад цяпер дзеючай Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў. Махавікоў Сямён Сьцяпанавіч ─ намесьнік старшыні, першы намесьнік загадчыка Аддзелу арганізацыйна-партыйнай і кадравай работы ЦК Кампартыі Беларусі. Ліхач Іван Васільевіч ─ загадчык Аддзелу па рабоце саветаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР. Асіпенка Вячаслаў Аляксандравіч ─ сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі. Роднікаў Анатоль Анатольевіч ─ першы намесьнік начальніка палітуправы Чырванасьцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Раманчанка Канстанцін Сямёнавіч ─ намесьнік старшыні Менскага гарадзкога савету вэтэранаў вайны і працы. Пытаньне. Чаму няма ў цяперашнім складзе, прапанаваным на сэсіі, прадстаўнікоў утвораных фракцый? Для даведкі. 11 красавіка на Сойме Беларускага Народнага Фронту была ўнесена кандыдатура ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, старшыня камісіі пра гэтую кандыдатуру ведае. Вы зрабілі ўсё адмыслова. Трэба ўвесьці ў склад камісіі шэсьць чалавек, уводзіцца пяць. Чаму? Чаму зноў парушаецца? Чаму ў вас ідзе толькі засільле адной, ужо некіруючай партыі, хоць шосты і сёмы артыкул Канстытуцыі адмененыя ўжо даўно? Таму, будзьце ласкавы, забудзьцеся пра тое, што вы жывяце пры КПСС. Час крыху іншы».

Леўчык: «Камісія, уносячы прапановы на Вярхоўны Савет, кіравалася Законам "Аб выбарах народных дэпутатаў", цяпер дзеючым. Заканадавец не прадугледзеў, на жаль, парадак разгляду прапаноў для Вярхоўнага Савету па складзе Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, і таму на Прэзыдыюме разглядалі з улікам меркаваньня тых калектываў, дзе працуюць людзі, якія вам прапанаваныя».

«Загнаных коней прыстрэльваюць»

Грынёў (старшыня Менскага аблвыканкаму, які раніцай плакаўся пра распад СССР): «Паважаны Вячаслаў Мікалаевіч! Паважаныя народныя дэпутаты! Мы гэты спэктакль будзем глядзець, мне ўяўляецца, да абеду, калі дамо волю пэўным палітычным сілам распаляць страсьці на Вярхоўным Савеце. Таму ў мяне ёсьць такая прапанова: калі пытаньняў няма, пасадзіць старшыню камісіі на сваё працоўнае месца, прагаласаваць пра тое, каб не абмяркоўваць гэтае пытаньне (мы дамовіліся шчыльна працаваць), і прагаласаваць за прапанаваныя кандыдатуры».

Мы пачалі пратэставаць, але Кузьняцоў паставіў прапанову Грынёва на галасаваньне, яна, як і варта было чакаць, набрала патрэбную колькасьць галасоў — арытмэтыка перамагла. Леўчык сышоў з трыбуны, але дэпутаты працягвалі стаяць ля мікрафонаў. Слова ўзяў Віктар Ганчар, які не ўваходзіў у склад апазыцыі.

Ганчар: «Калі ацэньваеш прадстаўленьне кандыдатураў у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, міжволі прыходзяць на памяць вядомыя словы Яна Гуса на вогнішчы інквізыцыі, зьвернутыя да бабулькі, якая падкідала ў яго вогнішча дровы: "О, сьвятая прастата". Учора старшыня камісіі з такой самай абяззбройваючай прастатой і шчырасьцю запытаўся: "А што, уласна, здарылася?" Я ня буду браць партыйную прыналежнасьць кандыдатаў, але зьвярніце ўвагу на парадак фармаваньня гэтых кандыдатаў. Бо гэта фактычна філіял або прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі разам з былым міністрам юстыцыі, а цяпер першым намесьнікам. Падкрэсьліваю, я нічога супраць гэтых кандыдатаў ня маю. Большасьць зь іх я ведаю асабіста, гэта выдатныя спэцыялісты. Але ў новых умовах вось што зьмянілася, паважаны Уладзімер Канстанцінавіч: гэтыя людзі павінны быць абсалютна нэўтральныя і незалежныя. Таму я прапаную паставіць на галасаваньне іншую прапанову: зьняць гэтае пытаньне з абмеркаваньня як непадрыхтаванае».

Гэтую прапанову пашырыў дэпутат Апазыцыі БНФ Уладзімер Заблоцкі.

Заблоцкі: «Я думаю, тут у нас дэманструецца ранейшая практыка намэнклятурнага падбору на надзвычай важныя месцы. Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў, з майго пункту гледжаньня, ─ гэта вельмі важная структура ў нашай дэмакратычнай Беларусі. Таму аналіз прадстаўленых кандыдатураў гаворыць пра тое, што гэта працаўладкаваньне, або прадастаўленьне магчымасьцяў старым намэнклятурным работнікам. Я мяркую, што было б правільна сёньня не разглядаць гэтыя кандыдатуры, а прапанаваць вылучыць кандыдатуры ў Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў сапраўды працоўным калектывам Беларусі, а не намэнклятурным аддзяленьням Міністэрства юстыцыі. Таму я заклікаю ўсіх уважлівым чынам падысьці да гэтага пытаньня. Гэта толькі ўяўнае глупства, нібыта неістотнае пытаньне. Але гэта вельмі важнае пытаньне, і мы павінны адказна падысьці да вырашэньня фармаваньня выбарчай камісіі, тым больш Цэнтральнай».

Выступ Галіны Сямдзянавай, звычайна разважлівай, гэтым разам быў эмацыйны. На завяршэньне прамовы Галіна прыгадала фразу, якая ў тыя дні часта гучала як аргумэнт супраць рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах: «Коней на пераправе не мяняюць». Але прыгадала такім чынам, што некаторыя дэпутаты паўскоквалі са сваіх месцаў.

Сямдзянава: «Тут прагучала, што вельмі добра, што прыйшлі туды юрысты, будзе які-небудзь парадак у Цэнтральнай камісіі. Вы ведаеце, гэта было б нядрэнна. Я, вы памятаеце, падтрымлівала кандыдатуру старшыні Цэнтральнай камісіі, таму што лічыла, што гэта юрыст, пісьменны чалавек, які зможа навесьці парадак у камісіі. На жаль, гэтага ня здарылася. І прыклад гэтаму я вам зараз прывяду. Цяпер працуюць над апрацоўкай матэрыялаў па рэфэрэндуму прыцягнутыя людзі. Але хто яны? Гэта ─ старэйшыя рэфэрэнты і рэфэрэнты Вярхоўнага Савету, спэцыялісты Савету Міністраў ─ тыя людзі, якія не зацікаўленыя ў тым, каб рэфэрэндум адбыўся, і якія баяцца, што Вярхоўны Савет будзе разагнаны. Гэта самыя што ні на ёсьць зацікаўленыя людзі, якія атрымліваюць вялікую зарплату ў Вярхоўным Савеце як старэйшыя рэфэрэнты і выконваюць тэхнічную працу ў Цэнтральнай камісіі. Прабачце, што будуць рабіць высокакваліфікаваныя юрысты на тэхнічнай працы ў Цэнтральнай камісіі? Цэнтральная камісія ─ гэта ня толькі галасаваньне, але і тэхнічная праца... Вы любіце паўтараць, што коней на пераправе не мяняюць. Так я дазволю вам нагадаць іншае выказваньне, што загнаных коней проста прыстрэльваюць...»

У стэнаграме пасьля гэтых словаў пазначана «Шум у зале», але быў ня проста шум — былі абураныя крыкі.

Hавумчык: «Шаноўныя калегі! Мы ўсе зразумелі, што гэта быў такі жарт, ніхто тут нікога не зьбіраецца страляць. Шаноўныя калегі! Я думаю, што пасьля прызначэньня ўраду два гады назад і прызначэньня генэральнага пракурора гэта трэцяе па сваёй важнасьці кадравае пытаньне, якое мы тут разглядаем. Чаму? Таму што цяпер мы прызначаем людзей, якія шмат у чым будуць вырашаць вынікі будучай выбарчай кампаніі, а яна, мы думаем, не за гарамі, рэфэрэндум блізіцца, мы гэта ўсе цудоўна разумеем. І правільна казаў Ганчар: вось, скажам, мы прад'яўляем прэтэнзіі, што многія зь іх былі ў КПСС. Але задайце мне пытаньне: хацеў бы я, каб усе гэтыя людзі былі ў БНФ? Ні ў якім разе. Як бы я ні хацеў, каб яны былі, скажам, у "Грамадзе", у нейкай іншай партыі, яны павінны быць (правільна казаў Віктар Ганчар) нэўтральнымі. А дзеля таго, каб быць нэўтральнымі, яны павінны прайсьці вельмі вялікі адбор і апытаньне ў працоўных калектывах. Гэта мінімум ─ прайсьці працоўныя калектывы, прайсьці гэтыя нізы. Магчыма, была б нейкая больш дасканалая працэдура, але лепшай пакуль няма. І толькі потым яны павінны быць вылучаныя сюды. Вось такім намэнклятурным падборам, які цяпер ажыцьцявіў спадар Леўчык... Ці ёсьць гэтая гарантыя нэўтральнасьці? Няма гэтай гарантыі. Я ні да адной з гэтых кандыдатураў ня маю асабістых прэтэнзій. Але вось, скажам, спадар Садоўскі выступіў, і ў мяне ўжо па адной кандыдатуры ёсьць стопрацэнтны адвод, таму што ня выканана патрэбная працэдура. Ужо толькі адно гэта прымушае нас зьняць гэтых людзей з абмеркаваньня і вынесьці на, магчыма, нейкі позьні тэрмін, тым больш што блізіцца рэфэрэндум. І гэтая камісія будзе кантраляваць этапы рэфэрэндуму, што нам вельмі важна. Мы ўяўляем, што ўзьнікне вельмі шмат спрэчных пытаньняў ─ і па рэфэрэндуме, і потым па выбарах. І каб потым не кусаць локці, давайце ўжо цяпер падыдзем з сумленьнем да гэтага пытаньня».

Мы не спынялі націск — да мікрафона падышоў дэпутат Апазыцыі БНФ і сябра «Грамады» Віталь Малашка.

Малашка: «Справа ў тым, што сапраўды ў працоўных калектывах гэтыя людзі не абмяркоўваліся, яны абмяркоўваліся ў аддзелах Міністэрства юстыцыі па месцы працы. Былі начальнікамі ─ начальніка вылучылі. Гэтую практыку мы ведаем. Але, мусіць, і правесьці выбары ў працоўных калектывах таксама будзе надта складана і цяжка. Сюды прыйдзе шмат кандыдатаў, зь якіх мы будзем ізноў абіраць тых жа шэсьць. Таму менавіта сёньня, калі мы рыхтуемся да шматпартыйных выбараў, магчыма, найбольш кампрамісны варыянт ─ зрабіць так: зьвярнуцца да палітычных партый, якія сёньня зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, каб яны прапанавалі па адным кандыдаце».

Пасьля выступу Віталя Малашкі слова зноў узяла Інэса Драбышэўская, якая вярнулася да тэмы фальсыфікацый пры рэгістрацыі дэпутатаў на сэсіі.

Драбышэўская: «Паважаныя народныя дэпутаты! Я пратэстую супраць фальсыфікацыі... Не апазыцыя, а, па-мойму, сакратарыят уздымаў пытаньне аб тым, што ў нас у залі не было кворуму, і давайце будзем усё-ткі праўдзівымі. У нас ёсьць дадзеныя аб тым (і я ўчора пра гэта казала), што многія нашы дэпутаты атрымалі музычную адукацыю па клясе фартэпіяна і рэгіструюцца і галасуюць за некалькіх дэпутатаў, што зьяўляецца надзвычай грубым парушэньнем Рэглямэнту. Пра гэта ў нас ёсьць пацьверджаныя дадзеныя. Так, дэпутат Фарфель, які знаходзіцца ў афіцыйнай камандзіроўцы ў Ізраілі, зарэгістраваны на поўны дзень працы. Дэпутат Гюнтэр, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Германіі, і дэпутат Кавалёнак Уладзімер Васілевіч таксама зарэгістраваныя. Я магла б назваць цэлы сьпіс».

Ніякага эфэкту словы Драбышэўскай на вядоўцу сэсіі, першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Вячаслава Кузьняцова не зрабілі. Выглядала, што ранейшыя ягоныя словы пра неабходнасьць кворуму ў часе галасаваньня пры дафармаваньні Цэнтральнай выбарчай камісіі былі ўспрынятыя ў самым шырокім сэнсе: зарэгістравалі тых дэпутатаў, якія адсутнічалі.

Вынік галасаваньня быў нам зразумелы, пра што і сказаў дэпутат Апазыцыі БНФ Лявонці Зданевіч.

Зданевіч: «Цалкам відавочна, што большасьць у Вярхоўным Савеце сёньня прагаласуе за прадстаўленыя нам кандыдатуры. Я проста хачу ахарактарызаваць падобны падыход (які, безумоўна, правамерны, улічваючы раскладку ў нашым Вярхоўным Савеце) усё ж сілавым і правакацыйным. У дадзенай палітычнай сытуацыі такі падыход ─ вылучэньне кандыдатураў у Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў ─ ня што іншае, як палітычная правакацыя. Таму я заклікаю вас уважліва паставіцца да гэтага пытаньня і падтрымаць прапанову тых, хто назваў пытаньне непадрыхтаваным. Я прапаную сёньня не галасаваць, а ўнесьці новыя кандыдатуры».

Лукашэнка — апазыцыі: Усё роўна прымем патрэбнае рашэньне

Аднак Кузьняцоў паставіў на галасаваньне ня нашу прапанову аб новым вылучэньні кандыдатаў, а прапанову аб спыненьні, як ён выказаўся, «абмеркаваньня вынесеных кандыдатураў», хоць дыскусія, як мог пераканацца чытач, ішла не пра асобы, а пра сам прынцып фармаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі. За спыненьне спрэчак прагаласавалі 202 дэпутаты. Гэтага было дастаткова, каб перайсьці да галасаваньня па кандыдатурах.

Але мы не давалі віцэ-сьпікеру гэта зрабіць.

Голубеў: «Апазыцыя. Я хачу напомніць старшынствуючаму, што ў Рэглямэнце ёсьць такі пункт, што кожны можа выказацца па матывах галасаваньня. Вы мяне ўжо адзін раз не заўважылі, дзякуй, што зараз пры дапамозе голасу ўдалося гэтага дабіцца. Паважаныя дэпутаты камуністы! Апазыцыя, 29 чалавек, сьцьвярджае, што вы як знаходзіліся ва ўладзе, так і знаходзіцеся. І 20 чалавек тут нічога не пераломіць, вы што хочаце, тое і робіце... Па матывах галасаваньня. Я падтрымліваю прапанову дэпутата Ганчара і лічу, што трэба адмяніць сёньняшняе абмеркаваньне ў сувязі з тым, што быў парушаны парадак вылучэньня кандыдатаў, і перанесьці на будучыню».

Такую напружаную сытуацыю ніяк ня мог абмінуць дэпутат, які меў свой погляд літаральна па ўсіх законах і па ўсіх пытаньнях, якія абмяркоўваліся на сэсіі — выступаў ён звычайна ад пятага мікрафона, які разьмяшчаўся ў крайнім левым праходзе, калі глядзець на прэзыдыюм (роўна насупраць месца, дзе стаяў першы мікрафон, у які прамаўлялі дэпутаты зь Менску, у тым ліку Пазьняк).

Лукашэнка: «Паважаныя народныя дэпутаты! Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на ўчорашні дзень. Вы памятаеце, што вы паабяцалі гэтым людзям (хай нас 300 чалавек, а іх 4) учора, што вы ім сказалі? Вы ж ім сказалі: ну, прабачце, праседзелі вы цэлы дзень, мы заўтра раніцай прымем гэтае рашэньне. Я не разумею тых дэпутатаў, якія сёньня падыходзяць і кажуць: адкласьці, перанесьці і іншае. Сумленьне і павага да гэтых людзей у вас у рэшце рэшт ёсьць? Давайце прымаць рашэньне, у нас наперадзе асноўныя пытаньні. Усё роўна ж прымем рашэньне, і апазыцыя пра гэта сказала».

Апошняя фраза Аляксандра Лукашэнкі азначала, што рашэньне будзе такое, якое захоча большасьць, зь якой ён сябе атаясамліваў.

Дэпутат Апазыцыі БНФ і член Сацыял-дэмакратычнай грамады Мікалай Крыжаноўскі ўсё ж паспрабаваў яшчэ раз заклікаць да сумленьня дэпутатаў — але не ў дачыненьні да кандыдатаў, якія чакалі свайго прызначэньня ў ЦВК, а да Бацькаўшчыны.

Крыжаноўскі: «Паважаныя дэпутаты! Я прашу так не хвалявацца. Я спадзяюся, тое, што цяпер адбываецца ў гэтай залі, тое, што мы хочам такія сур'ёзныя зьмены правесьці ў Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, мусіць, гэта ня дзеля таго, каб даабраць астатніх 14 дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Я лічу, што сёньня ─ гэта ўжо загляд у будучае, у тыя выбары, якія ў хуткім часе (ці сёлета, ці праз тры гады), павінны адбыцца. І я лічу, што мы павінны сёньня думаць пра лёс нашай Бацькаўшчыны і нашай рэспублікі, пра тое, каб мы ўмацоўвалі дзяржаўныя структуры, а не прыярытэт нейкай адзінай партыі ці адзінай сыстэмы. Я зьяўляюся прадстаўніком Сацыял-дэмакратычнай грамады. Але сёньня я хацеў бы, каб у Цэнтральнай выбарчай камісіі, у дзяржаўных структурах былі людзі нэўтральныя. І таму я падтрымліваю прапанову шаноўнага дэпутата Ганчара. Мы павінны вельмі ўважліва паставіцца да гэтага пытаньня, каб у Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў былі людзі, якія будуць перш за ўсё клапаціцца аб лёсе рэспублікі, аб тым, каб пры наступных выбарах прыйшлі сапраўды прафэсійныя парлямэнтарыі і стварылі нармальныя ўмовы для разьвіцьця рэспублікі, а не адстойвалі інтарэсы партыі, якая ня толькі сябе скампрамэтавала, а і давяла сёньня нашу дзяржаву, нашу Бацькаўшчыну да такога становішча, што ўжо далей няма куды. А сёньня зноў вылучаюцца кандыдатуры ад той партыі, якая ўжо рыхтуецца зноў атрымаць перамогу на наступных выбарах і зноў завесьці рэспубліку ў такую галечу».

Кузьняцоў прапанаваў галасаваць, аднак дэпутат БНФ Уладзімер Новік выказаў сумнеў у дакладнасьці сыстэмы галасаваньня.

Новік: «Неаднаразова ішло грубае парушэньне працэдуры. Я не давяраю гэтай сыстэме галасаваньня і хацеў бы, каб было праведзена расьсьледаваньне па выпадках парушэньня працэдуры ўчарашняга дня. Таму тайнае галасаваньне з дапамогай электроннай сыстэмы ня мае ніякага сэнсу, таму што гэта падлог і падман. Толькі празь бюлетэні прашу правесьці тайнае галасаваньне».

Гэта абурыла парлямэнцкую большасьць, пачаліся крыкі.

Сямдзянава: «Я вас прашу, Вячаслаў Мікалаевіч, навядзіце, калі ласка, парадак у залі! Так, апазыцыя вырашыла скарыстацца гэтай трыбунай. Але зрабіце, калі ласка, так, каб заля паводзіла сябе годна, і ня ладзіла тут нейкія пасядзелкі. Гэта ─ сэсія Вярхоўнага Савету. І я вас прашу: дайце магчымасьць апазыцыі выступаць спакойна. І калі дэпутаты ад групы "Беларусь" хочуць выступіць, дайце, калі ласка, ім слова, а не ўчыняйце роў у залі».

Аднак далей старшынствуючы пачаў галасаваньне — ня шляхам бюлетэняў, як прапаноўваў Уладзімер Новік, а электронным спосабам.

Cтаршыня: «Паважаныя народныя дэпутаты, я стаўлю на галасаваньне першую кандыдатуру. Хто за тое, каб выбраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь Баня Ўладзімера Васілевіча, начальніка Ўпраўленьня юстыцыі Выканаўчага камітэту Менскага абласнога савету народных дэпутатаў, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Паважаныя народныя дэпутаты! Наступная кандыдатура ─ Мінін Віктар Пракопавіч, намесьнік старшыні Віцебскага абласнога аб'яднаньня прафэсійных саюзаў. Хто за тое, каб абраць яго ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, прашу прагаласаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура ─ Сукала Валянцін Алегавіч, першы намесьнік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Хто за тое, каб абраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Сукалу Валянціна Алегавіча, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура ─ Цімафеевіч Канстанцін Іосіфавіч, намесьнік начальніка Ўпраўленьня юстыцыі Выканаўчага камітэту Берасьцейскага абласнога савету народных дэпутатаў. Хто за тое, каб выбраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь Цімафеевіча Канстанціна Іосіфавіча, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура ─ Ярмошына Лідзія Міхайлаўна, юрысконсульт Выканаўчага камітэту Бабруйскага гарадзкога савету народных дэпутатаў. Хто за тое, каб абраць яе ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята».

«Намэнклятурны сход Вярхоўнага Савету выбраў працяг намэнклятурнага сходу ў Цэнтральнай камісіі»

Ацэнку таго, што адбылося, даў намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ, прэм'ер Ценявога кабінэту Ўладзімер Заблоцкі.

Заблоцкі: «Паважаныя народныя дэпутаты! Цяпер быў цэлы шэраг парушэньняў Часовага рэглямэнту работы Вярхоўнага Савету. Я мяркую, што Вячаслаў Мікалаевіч гэты Рэглямэнт павінен вывучыць спачатку, а потым весьці сэсію. Зараз адбылося тое, што і павінна было адбыцца: намэнклятурны сход Вярхоўнага Савету выбраў працяг намэнклятурнага сходу ў Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў».

Член Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Яўген Цумараў падтрымаў Заблоцкага.

Цумараў: «Паважаны старшынствуючы! Я зьвяртаюся да вас і да старшыні Камісіі па заканадаўстве з пытаньнем. На маю думку, вы парушылі Закон аб выбарах... Як далажыў старшыня камісіі паважаны народны дэпутат Леўчык па кандыдатурах Баня, Цімафеевіча і Ярмошынай адсутнічаюць пратаколы працоўных калектываў аб іх вылучэньні. Таму што юрыдычны аддзел — гэта не працоўны калектыў… І вы ня мелі права ставіць гэтае пытаньне на галасаваньне. Тым самым вы парушылі закон, і наша галасаваньне зьяўляецца па гэтых трох кандыдатурах несапраўдным».

Старшыня: «Я зыходзіў з таго, што папярэдне Камісія ў пытаньнях працы саветаў вывучыла наяўныя матэрыялы і прадставіла іх нам на разгляд, у тым ліку ўсе пратаколы аб вылучэньні. Я ня маю падставаў не давяраць камісіі».

Ганчар: «Я хачу скарыстацца сваім правам і задаць пытаньне першаму намесьніку міністра юстыцыі, калі ён захоча на яго адказаць. Гэтае самае пытаньне я адрасую і свайму калегу Аляксандру Міхайлавічу Абрамовічу. Ці лічыце вы як людзі і спэцыялісты (бо гаворка ідзе і аб вашым аўтарытэце), што працэдура галасаваньня была выканана правільна і не было парушэньня закону?»

Грынёў: «Паважаны Вячаслаў Мікалаевіч, я вас хачу падтрымаць як старшынствуючага, пажадаць больш жорстка весьці сэсію, не рэагаваць на крыкі і енкі, якія тут раздаюцца. Давайце скончым. Перад намі сядзіць група кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў. Калі камусьці сёньня ня трэба ні мяса, ні малака, хоць за зямлю крычаць так, што мікрафон разрываецца... (Грынёў меў на ўвазе намаганьні Апазыцыі БНФ увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю — С.Н.). Я прапаную жорстка павесьці далей сэсію. У нас ёсьць надзвычай сур’ёзнае аграрнае пытаньне».

Старшыня: «Дзякую за падтрымку».

Пасьля гэтага выступіў старшыня ЦВК Уладзімер Абрамовіч.

Абрамовіч (Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь): «Я хачу падзякаваць Вярхоўнаму Савету за тое, што ён папоўніў склад камісіі, паколькі бяз гэтага папаўненьня праца практычна магла быць дэзарганізаваная. Фактычна гэта трэцяя частка складу камісіі. Што тычыцца таго, як зрабіў Вярхоўны Савет, ─ гэта кампэтэнцыя толькі Вярхоўнага Савету, гэта значыць вас, паважаныя народныя дэпутаты. І ў гэтым пляне Віктару Іосіфавічу Ганчару я хацеў бы параіць патурбавацца аб уласным аўтарытэце».

На гэтым пытаньне аб даўкамплектаваньні Цэнтральнай выбарчай камісіі было завершанае.

Празь некалькі дзён мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, выступілі з заявай, у якой далі палітычную і юрыдычную ацэнку падзеям у Вярхоўным Савеце.

«Пасьля таго, як больш чым 440 тысяч грамадзянаў Беларусі выказаліся за рэфэрэндум аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і правядзеньне новых парлямэнцкіх выбараў, пракамуністычная намэнклятура пачала шукаць спосабы захаваньня ўласных кіруючых пазыцый.

22 красавіка ў Вярхоўным Савеце адбылося даабраньне членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая, згодна з існуючым заканадаўствам, павінна кантраляваць і правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.

Усе прапанаваныя кандыдатуры прадстаўлялі кіруючую намэнклятуру, у іх вылучэньні ня ўдзельнічалі працоўныя калектывы заводаў, калгасаў, навучальных установаў, а таксама грамадзкіх арганізацый, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Галасаваньне ж па кандыдатурах адбывалася з парушэньнем Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету — дэпутаты нават былі пазбаўленыя магчымасьці задаць пытаньні прэтэндэнтам, высьветліць узровень іх кваліфікацыі.

Аднак у выніку сілавога ціску кансэрватыўнай парлямэнцкай большасьці ўсе пяцёра прапанаваных кандыдатаў былі абраныя — у мэтах самазахаваньня Вярхоўны Савет ізноў пайшоў на парушэньне заканадаўства. Такім чынам, сёньня ў складзе Цэнтральнай выбарчай камісіі няма ніводнага прадстаўніка дэмакратычных партый і рухаў, зарэгістраваных у Беларусі.

Мы асуджаем падобныя дзеяньні Вярхоўнага Савету і пакідаем за сабой права зьвярнуцца да сусьветнай супольнасьці, замежных дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый з просьбай накіраваць сваіх назіральнікаў на будучы рэфэрэндум».

Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Ігар Гермянчук, Лявонці Зданевіч, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Галіна Сямдзянава, Мікалай Крыжаноўскі, Уладзімер Заблоцкі, Юрась Беленькі, Генадзь Грушавы, Алег Трусаў, Сяргей Папкоў, Віталь Малашка, Аляксандар Шут, Мікола Маркевіч, Віктар Какоўка, Аляксандар Паруль, Яўген Глушкевіч, Уладзімер Новік, Уладзімер Грыбанаў, Уладзімер Станкевіч, Васіль Даўгалёў, Леанід Зьвераў, Станіслаў Бабачонак, Сяргей Антончык, Яўген Цумараў, Віктар Алампіеў.

З дваццаці дзевяці дэпутатаў, якія паставілі свой подпіс, Уладзімер Грыбанаў і Ўладзімер Станкевіч не падтрымлівалі ідэю рэфэрэндуму — але выказалі пратэст супраць нахабнага ціску парлямэнцкай большасьці і парушэньня заканадаўства.

Між іншым, у той самы дзень пасьля зацьвярджэньня членаў ЦВК Вярхоўны Савет зацьвердзіў першага ў гісторыі краіны міністра абароны — Паўла Казлоўскага. І адкінуў нашую прапанову, каб новы міністар адразу прынёс прысягу перад Вярхоўным Саветам. Амаль увесь 1992 год новы міністар ня будзе прыведзены да прысягі на вернасьць Беларусі — як і дзясяткі тысяч афіцэраў новаўтворанага беларускага войска.

Тады ж у Авальнай залі адбылася яшчэ адна падзея, якая, як потым выявілася, адыграла вялікую ролю ў лёсе рэфэрэндуму.

Шмат якія намэнклятурныя дэпутаты прапаноўвалі спыніць сэсію – «ідзе пасяўная». Але заставаліся неразгледжанымі больш як два дзясяткі пытаньняў парадку дня.

Тады мы прапанавалі сэсію не спыняць, а проста зрабіць доўгі (магчыма, пару тыдняў) перапынак. Гэта было ў інтарэсах ініцыятараў рэфэрэндуму: за гэты час Цэнтральная камісія скончыла б праверку, вынесла вэрдыкт (мы не сумняваліся, што ён будзе станоўчы), і калі дэпутаты сабраліся б на працяг сэсіі – ім нічога не заставалася б, каб прызначыць дату рэфэрэндуму. Тут важна было і тое, што наступныя пасяджэньні былі б працягам сэсіі, якая называлася «чарговая» - а толькі «чарговая», паводле закону, магла прызначаць дату рэфэрэндуму. Сэсія, скліканая адмыслова, мела б назоў «нечарговай» або «надзвычайнай», і праціўнікі рэфэрэндуму маглі ўчапіцца за гэта, каб адмовіцца разглядаць пытаньне аб рэфэрэндуме.

Далей цытую стэнаграму – вёў пасяджэньне намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Васіль Шаладонаў.

«Cтаршыня. Трэці мікрафон прашу ўключыць.

Сяргей Навумчык: Паважаныя дэпутаты! Мы сабраліся сюды, каб прымаць законы, а прымаць іх у сьпешцы сапраўды нельга. Таму нармальна, што такое абмеркаваньне вельмі часта доўга ідзе. Гэта высьвятленьне ісьціны. Аднак той блёк законаў, які вынесены ў парадак дня, паважаны Васіль Іванавіч, не дазваляе прыняць іх за чатыры дні, каб гэта было зроблена грунтоўна і кваліфікавана. Таму вельмі лягічныя прапановы, якія тут гучалі. Я разумею дэпутата Кавалёва і разумею вас, шаноўныя дэпутаты, асабліва, як кажуць, ад палёў і фэрмаў, што трэба сеяць. Таму, напэўна, перапынак трэба зрабіць не да 10 траўня, а можа да 20 траўня. Зрабіць вялікі перапынак, а потым мы зноў зьбярэмся на сэсію і спакойна дапрацуем, як трэба».

І тут ўзьняўся дэпутат Уладзімер Грыбанаў, які раней падтрымліваў апазыцыю.

«Уладзімер Грыбанаў: Паважаныя народныя дэпутаты! Я ня супраць рэфэрэндуму, але я за тое, каб «гуляць адкрытымі картамі». Па ўсёй бачнасьці, некаторыя, якія сядзяць у залі, не разумеюць тых матываў, па якіх выступалі прадстаўнікі апазыцыі, каб перапыніць сэсію і пачаць яе як мага пазьней. Пытаньне, якое Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў вынесе (па рэфэрэндуме, я маю на ўвазе) на сэсію, па законе можна вынесьці толькі на чарговую сэсію. І калі на гэтую сэсію не пасьпяваюць (а яны не пасьпяваюць, калі мы закрыем яе), то тады атрымліваецца, што пытаньне выносіцца на восень, на лістапад, а значыць, рэфэрэндум страчвае сэнс, таму што ў гэтым годзе выбары не адбудуцца. Я ня супраць рэфэрэндуму, я супраць «гульні мечанымі картамі». Давайце гуляць «у адкрытую». Таму прапанову аб тым, каб перапыніць сэсію, можна інтэрпрэтаваць па-іншаму яшчэ: закрыць гэтую сэсію, а 15 траўня адкрыць пазачарговую.

Старшыня. Уладзімер Міхайлавіч, дзякуй за тлумачэньні».

Не люблю экзальтаваных выразаў, але гэты выступ справядліва можна назваць «нажом у сьпіну», бо Грыбанаў падпісваў амаль усе заявы апазыцыі. Цяпер ні пра які перапынак гаворка ісьці не магла: тлумачэньні Грыбанава, за якія яму падзякаваў Шаладонаў, добра зразумелі і прадстаўнікі дэпутацкай большасьці. Адбылося тое, што праз гады Зянон Пазьняк назаве пераломам гісторыі Беларусі: 24 красавіка сэсія была завершаная, і Вярхоўны Савет не зьбіраўся паўгода.

Усе публікацыі пректу «Дзевяноста другі»

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG