Беларус трапіў у лік найлепшых маладых айцішнікаў Forbes

Беларус Андрэй Максімаў трапіў у лік 30 зорных прадстаўнікоў індустрыі распрацоўкі кампутарных гульняў ва ўзросьце да 30 гадоў паводле часопіса Forbes.

27-гадовы беларус жыве ў Лос-Анжэлесе, ён тэхнічны дырэктар амэрыканскай студыі па вытворчасьці кампутарных гульняў Naughty Dog. Браў удзел у распрацоўцы сэрыі папулярных гульняў Uncharted, адна зь якіх выйшла сёлета.

Таксама Андрэй Максімаў чытае лекцыі пра мастацтва і тэхналёгіі.

У Беларусі распрацоўшчык вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, але яго ня скончыў. Прафэсійную кар'еру пачынаў у менскім офісе кампаніі Wargaming, дзе займаўся распрацоўкай сусьветнавядомай World of Tanks.

У 2014 годзе Андрэй Максімаў ужо трапляў у сьпіс 30 найлепшых распрацоўшчыкаў да 30 гадоў па вэрсіі часопіса Develop.

У рэйтынгу 30 Under 30 выданьне Forbes называе па 30 яскравых прадстаўнікоў 20 розных індустрый ва ўзросьце да 30 год.