Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ІТ-мільянэр стварыў партыю, каб эўрапеізаваць Кіпр


Іван Міхневіч
Іван Міхневіч

Адзін заснавальнікаў усясьветна вядомай кампаніі-распрацоўшчыка кампутарных гульняў Wargaming 38-гадовы Іван Міхневіч стаў на чале новай палітычнай партыі на Кіпры. У размове са Свабодай пасьпяховы ІТ-прадпрымальнік патлумачыў, навошта пайшоў у кіпрскую палітыку і чаму больш не бывае ў Беларусі.

«Танкі» далі квіток у жыцьцё

Заснавальнікі Wargaming — выпускнікі фізфаку БДУ Віктар Кіслы і Мікалай Кацалапаў ды факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Іван Міхневіч — выпусьцілі больш за 10 гульняў, перш чым дасягнулі сапраўднага посьпеху.

Шматкарыстальніцкая анлайн-гульня World of Tanks («Сьвет танкаў») зьявілася ў 2010 годзе і з таго часу нязьменна трымаецца ў ліку самых папулярных у сьвеце. Аўдыторыя гульні перавышае 150 мільёнаў чалавек, а ў 16 офісах Wargaming па ўсім сьвеце працуе звыш 4000 супрацоўнікаў (палова зь якіх — у Беларусі).

Летась агенцтва Bloomberg ацаніла бізнэс Wargaming у 1,5 мільярда даляраў, назваўшы гендырэктара кампаніі і ўладальніка найвялікшага пакета акцыяў Віктара Кіслага мільярдэрам.

Віктар Кіслы, гендырэктар Wargaming. Архіўнае фота
Віктар Кіслы, гендырэктар Wargaming. Архіўнае фота

Згодна з апошняй публічнай інфармацыяй (2013), Івану Міхневічу, які ўзначальваў галоўны цэнтар распрацовак холдынгу ў Менску, належала 17% акцый кампаніі. Паводле tut.by, больш за два гады таму Міхневіч «удала прадаў» долю ў кампаніі і заняўся разьвіцьцём уласных праектаў. Сам прадпрымальнік не называе ніякіх лічбаў, але пацьвярджае, што з канца 2014 году спыніў дзейнасьць у Wargaming.

Сёньня Міхневічу (займае 10 месца ў «Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі-2017» па вэрсіі «Ежедневника») належыць кіпрская кампанія Synergy Horizon, якая вырабляе ў Беларусі сарбенты для ліквідацыі ўцечак нафтапрадуктаў, а таксама швайцарская Alpein Software, што распрацоўвае софт для бясьпечнай карпаратыўнай камунікацыі.

Пры чым тут Кіпр?

Іван Міхневіч пераехаў на Кіпр яшчэ ў 2011 годзе, пасьля чаго там прапісалася і штаб-кватэра Wargaming.

У выніку турэцкай акупацыі паўночнай часткі вострава (1974), у імкненьні выжыць ды ўмацаваць сувэрэнітэт улады аграрнага Кіпру стварылі надзвычай прывабныя ўмовы для прыходу замежнага капіталу — зь мінімумам патрабаваньняў. Зь цягам часу востраў у Міжземным моры, плошча якога ў 22 разы меншая за Беларусь, стала афшорнай зонай для эўрапейскага і постсавецкага капіталу і раем для алігархаў.

Нікасія. Буфэрная зона паміж Кіпрам і Турэцкай Рэспублікай Паўночнага Кіпру
Нікасія. Буфэрная зона паміж Кіпрам і Турэцкай Рэспублікай Паўночнага Кіпру

Наўзамен на інвэстыцыі бізнэсоўцы атрымлівалі самыя нізкія на кантынэнце падаткі, грамадзянства ды доступ да эўрапейскіх фінансавых рынкаў.

Далучэньне да Эўразьвязу (2004) зь ягонымі жорсткімі стандартамі і магутны банкаўскі крызіс 2013 году завяршылі афшорны этап у гісторыі Кіпру. Апошнія гады краіна, высокадаходная эканоміка якой трымаецца на фінансавых ды юрыдычных паслугах і турызьме, робіць высілкі ў дывэрсыфікацыі мадэлі разьвіцьця. Менавіта таму разам з падвышанымі стаўкамі для традыцыйных бізнэсаў улады ўвялі дадатковыя прэфэрэнцыі для тэхналягічных кампаніяў. Як вынік, Кіпр стаў мэкай для пераезду айцішнікаў з постсавецкіх краінаў, але ня толькі.

Так, апроч Wargaming, на Кіпры базуюцца, напрыклад, штаб-кватэры буйной (звыш 100 чалавек) беларускай ІТ-кампаніі Targetprocess і вэнчурнага фонду Haxus на чале з адным з самых пасьпяховых беларускіх ІТ-прадпрымальнікаў Юрыем Гурскім.

Паводле розных дадзеных, да 10 адсоткаў мільённага насельніцтва Кіпру сёньня складаюць расейскамоўныя жыхары.

Расейская прадуктовая крама ў Лімасоле
Расейская прадуктовая крама ў Лімасоле

«У любым месцы жыхарства важны клімат. І ня толькі клімат у пляне надвор’я, хоць ён мне тут вельмі прыемны, але і эканамічны, палітычны, пытаньні з правамі і свабодамі чалавека, — расказвае Свабодзе Іван Міхневіч. — У 2015 годзе Кіпр заняў 36-е месца ў сьвеце ў рэйтынгу свабодаў асобы, тады як ЗША былі на 20-м месцы, а Расея — на 111-м. Месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу я не ведаю, але мяркую, гэта апошняя траціна сьпісу. Уласна, менавіта гэтае пытаньне зьяўляецца для мяне найгалоўнейшым фактарам».

Беларускі прадпрымальнік падкрэсьлівае і другі значны аргумэнт на карысьць Кіпру — адлегласьці і час на перасоўваньне там прыкметна меншыя, чым у Менску і Маскве.

«У мяне кожны дзень банальна на пару гадзін больш вольнага часу. Гэта як 26 гадзін у сутках замест 24», — кажа Міхневіч, дадаючы, што тамтэйшы рытм яго цалкам задавальняе, хоць для аматараў сьвецкага жыцьця «тут будзе тая яшчэ вёска».

«Расейская» партыя ці «праэўрапейская»?

У верасьні кіпрскія і замежныя СМІ паведамілі аб стварэньні на востраве новай палітычнай сілы «Я грамадзянін», якую адразу ж абвясьцілі «расейскай» і партыяй алігархаў. Яе лідэрам стаў расейскі бізнэсовец, уладальнік лімасольскай рэстарацыі «Тарас Бульба» і заснавальнік расейскамоўнай радыёстанцыі Аляксей Валабоеў. А вось віцэ-прэзыдэнтам — беларус Іван Міхневіч.

3 кастрычніка партыя атрымала ад Міністэрства ўнутраных спраў Кіпру сэртыфікат аб рэгістрацыі і да канца кастрычніка, паводле Міхневіча, плянуе апублікаваць палітычную праграму.

«Калі коратка, то мы займаем цэнтрысцкую пазыцыю і імкнёмся да мадэрнізацыі Кіпру да ўзроўню сучаснай эўрапейскай дзяржавы па ўсіх асноўных пытаньнях», — кажа Свабодзе Іван Міхневіч.

Падобна на тое, што ён прыйшоў у палітыку ўсур’ёз і не на адзін год.

«У сьпісе прыярытэтаў партыя займае ў мяне першае месца пасьля сямейных і асабістых пытаньняў, — кажа ён. — Спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў, хутчэй за ўсё, да наступных парлямэнцкіх (2021) і прэзыдэнцкіх выбараў (2023). Да гэтага часу партыя набярэ дастатковую моц, і я, спадзяюся, здолею зьмяніць прыярытэты».

Паводле беларускага ІТ-прадпрымальніка, стварэньне новай палітычнай партыі выклікала нечакана вялікі рэзананс у кіпрскім грамадзтве, дзе, як ён кажа, назапасіўся вялікі патэнцыял расчараваньня ў «старых прадстаўніках палітычнай сыстэмы».

«Гэта аказалася важнай палітычнай падзеяй для краіны, і інфармацыйная хваля выйшла за межы мясцовага грамадзтва. Мы апынуліся ў фокусе ўвагі эўрапейскіх, амэрыканскіх і расейскамоўных СМІ», — кажа Іван Міхневіч. Пры гэтым ён з разуменьнем ставіцца да таго, што гэтая падзея выклікала ня толькі цікавасць, але і занепакоенасьць, «у тым ліку ў рамках сучаснай моды на „русафобію“».

Віцэ-прэзыдэнт партыі «Я грамадзянін» называе палітычную плятформу партыі «зусім нечаканай у рамках гэтай моды».

Мы цалкам процілеглыя партыям, ангажаваным з Расеяй

«Мы цалкам процілеглыя такім эўрапейскім вельмі правым партыям, як „Альтэрнатыва для Нямеччыны“ ці „Нацыянальны фронт“ Марын Лё Пэн у Францыі, якім прыпісваюць ангажаванасьць з Расеяй, — кажа Іван Міхневіч. — Мы не вітаем крайніх формаў нацыяналізму і зьяўляемся больш вялікімі прыхільнікамі Эўразьвязу, чым у сярэднім палітычны эстэблішмэнт Кіпру. Менавіта таму мы катэгарычна не прымаем закідаў у „расейскасьці“ партыі на падставе месца нараджэньня часткі партыйных лідэраў».

ІТ-прадпрымальнік пераконвае, што пераважную большасьць партыі складаюць карэнныя кіпрыёты, і «Я грамадзянін» дзейнічае ў іхных інтарэсах, а таксама інтарэсах астатніх чальцоў грамадзтва і ўсёй краіны, а не «расейцаў» ці «алігархаў».

«Беларусь больш ня мой дом»

Напрыканцы пытаемся ў Івана, ці ня крыўдна яму, беларусу, пастаянна чытаць пра «расейскую партыю» і «расейскіх бізнэсоўцаў».

Я заўсёды тлумачу месца свайго паходжаньня

«На Кіпры, як і ў іншых краінах далёка за межамі былога СССР, да расейцаў залічваюць амаль усіх выхадцаў з былога Савецкага Саюзу: беларусаў, украінцаў, казахаў, узбэкаў,— кажа суразмоўца. — Я заўсёды тлумачу месца свайго паходжаньня як „Лефкаросія“, што на грэцкай даслоўна азначае „Беларасея“. Крыўдзіцца на гэта зусім недарэчы».

Пры гэтым ён дадае, што на кіпрыёты больш-менш у курсе таго, што Расея і «Лефкаросія» — гэта розныя краіны і адрозныя народы.

А вось камэнтаваць сытуацыю ў Беларусі ён адмаўляецца.

«Гэта больш ня мой дом і нават ня месца для візытаў пасьля пэўных падзеяў. Я выпаў з кантэксту і ня ведаю беларускіх рэаліяў у дастатковай меры, каб камэнтаваць іх», — кажа Іван Міхневіч.

«Цесных кантактаў» зь беларускімі айцішнікамі на Кіпры Міхневіч ня мае, бо «зь беларускім ІТ яго «зьвязвае ў асноўным толькі мінулае».

«Але я заўсёды адкрыты для ўсіх і як чалавек, і як прадстаўнік палітычнай партыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG