Прэс-сакратарка руху Мар’яна Пачтар расказала выданьню, што Саакашвілі не атрымліваў і не падпісваў ніякіх працэсуальных дакумэнтаў. Паводле яе, 6 сьнежня Саакашвілі правядзе брыфінг ля сьцен Вярхоўнай Рады, дзе абмяркуе сытуацыю зь юрыстамі.
Раней у аўторак генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што Саакашвілі, затрыманы паліцыяй і вызвалены сваімі прыхільнікамі, знаходзіцца ў статусе «ўцекача». Па словах Луцэнка, сваімі дзеяньнямі палітык паставіў пад сумнеў магчымасьць выбраньня для яго меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту. Луцэнка даў Саакашвілі 24 гадзіны на тое, каб ён добраахвотна зьявіўся ў праваахоўныя органы.
Раніцай 6 сьнежня прэс-сакратар генпракурора Ларыса Сарган напісала ў «Твітэры», што Саакашвілі абвешчаны ў вышук.
Сёньня ж паліцыя паспрабавала штурмаваць намётавы гарадок прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка каля Вярхоўнай Рады. Пасьля гэтага Саакашвілі зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнка з заклікам спыніць правакацыі і атакі на яго прыхільнікаў.
Украінскія ўлады абвінавачваюць Міхэіла Саакашвілі ў спробе дзяржаўнага перавароту і атрыманьні паўмільёна даляраў на акцыі пратэсту на Ўкраіне ад блізкага да Віктару Януковіча алігарха Сяргея Курчанкі, што ўцёк пасьля Эўрамайдану ў Расею.