За 24 гадзіны. Генпракуратура прапануе пратэстоўцам разысьціся, а Саакашвілі добраахвотна прыйсьці на допыт

Праваахоўная сыстэма Ўкраіны на працягу бліжэйшых 24 гадзін прымусіць экс-прэзыдэнта Грузіі і былога кіраўніка Адэскай вобласьці Міхэіла Саакашвілі прыйсьці на сьледчыя дзеяньні, а пратэстоўцаў пад Вярхоўнай Радай заклікаюць разысьціся.

Жывую відэатрансьляцыю зь Кіеву вядзе «Настоящее время».

«Праз 24 гадзіны ўся праваахоўная сыстэма Ўкраіны зробіць усё неабходнае, каб апатрыд Саакашвілі паўстаў перад сьледчым, а потым і ў судзе», — заявіў генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка ў Вярхоўнай Радзе пад час справаздачы.

Паводле яго, допыт Міхэіла Саакашвілі мае адбыцца заўтра раніцай а 9.00.

«Таксама прашу ўсіх, хто знаходзіцца ў намётах Саакашвілі, прыняць рашэньне: быць у апазыцыі — калі ласка, пратэставаць супраць дзеючай улады — ваша права. Але трэба спыніць выконваць пляны Масквы. Зьняць намёты, прад’явіць сьледчым крадзеныя купюры з грошай Курчанкі і дапамагчы выпаліць гэтую заразу ва ўкраінскім палітыкуме», — заявіў Юры Луцэнка.

Your browser doesn’t support HTML5

Беспарадкі ў Кіеве 5 сьнежня: як арыштоўвалі і адбівалі Міхаіла Саакашвілі

Генэральны пракурор таксама паведаміў, што супраць грамадзян, якія сёньня вызвалялі Міхэіла Саакашвілі з аўтамабіля, адкрытыя крымінальныя справы. Сьледзтва найбліжэйшым часам таксама вызначыцца зь дзеяньнямі ў дачыненьні да васьмі дэпутатаў парлямэнту, якія спрыялі ўцёкам палітыка з-пад варты.

Сярод іх — Ігар Луцэнка, Юры Дзеравянка, Сьвятлана Залышчук, Мустафа Наем, Алег Пятрэнка, Юрый Леўчанка, Сяргей Лешчанка, Віктар Чумак. «Сьледзтва абавязкова запросіць згаданых народных дэпутатаў і дасьць ацэнку іх дзеяньням, якія прывялі да ўцёкаў з-пад варты чалавека, які абгрунтавана падазраецца ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства», — падкрэсьліў Юры Луцэнка.

Пазьней стала вядома, што Генпракуратура Ўкраіны даручыла паліцыі знайсьці і затрымаць Міхаіла Саакашвілі.

"ГПУ падрыхтавала і перадала кіраўніку Нацпаліцыі Ўкраіны Сяргею Князеву пастанову пра агалошаньне ў розшук Міхаіла Саакашвілі, які зьбег з-пад варты падчас яго транспартаваньня да сьледчага СБУ", - паведаміў прэсавы сакратар ГПУ Андрэй Лысенка тэлеканалу Громадське.

Сёньня а сёмай раніцы сьледчыя Генпракуратуры ды Службы бясьпекі Ўкраіны прыйшлі па ператрус у кіеўскую кватэру, што арандуе Міхэіл Саакашвілі. Паводле сьледзтва, ягоную палітычную ды дзейнасьць ва Ўкраіне фінансаваў перасьледаваны ва Ўкраіне бізнэсмэн Сяргей Курчанка, прадстаўнік так званай «сям’і» былога прэзыдэнта Віктара Януковіча.

У дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі распачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 256 Крымінальнага кодэкса Украіны — спрыяньне ўдзельнікам злачыннай арганізацыі і іх фінансаваньне.

Але праваахоўнікі не змаглі прывезьці Міхэіла Саакашвілі на допыт — ягоныя прыхільнікі блякавалі аўтамабіль на працягу некалькі гадзін, а пазьней пашкодзілі яго і вызвалілі палітыка. Адразу пасьля гэтага Міхэіл Саакашвілі ўзначаліў калёну пратэстоўцаў, накіраваўшыся да будынку Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Пад час выступу на мітынгу Міхэіл Саакашвілі абвергнуў абвінавачаньні, высунутыя на ягоны адрас.

У лістападзе Міхэіл Саакашвілі ўзначаліў акцыю пратэсту каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны, дзе было ўсталяванае намётавае мястэчка з патрабаваньнямі да ўлады актывізаваць барацьбу з карупцыяй. Пазьней удзельнікі акцыі пашырылі свае патрабаваньні да імпічмэнту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.