У Кіеве прайшоў «Марш за імпічмэнт» прэзыдэнта Парашэнкі

Былы прэзыдэнт Грузіі, лідэр «Руху новых сіл» Міхаіл Саакашвілі чарговым разам вывеў сваіх прыхільнікаў на марш у цэнтры ўкраінскай сталіцы, гэтым разам у рамках акцыі «Народны імпічмэнт».

Скандуючы «Імпічмэнт!» і лёзунгі Майдану «Банду — прэч!» і «Кіеў — уставай!» па розных ацэнках ад трох да пяці тысяч дэманстрантаў прайшлі ад парку імя Тараса Шаўчэнкі да Эўрапейскай плошчы. На подступах да акружанай паліцэйскімі і нацгвардзейцамі прэзыдэнцкай адміністрацыі пратэстоўцы з крыкамі «Ганьба» выкінулі і растапталі плякаты зь нявыкананымі перадвыбарнымі абяцаньнямі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Па словах удзельнікаў маршу, яны выйшлі на гэтую акцыю, паколькі за мінулыя амаль чатыры гады пасьля «Рэвалюцыі годнасьці» у краіне нічога не зьмянілася.

Да вылучаных патрабаваньняў актывістаў дзеючага ўжо другі месяц намётавага лягеру ля будынку парлямэнту — адмяніць дэпутацкую недатыкальнасьць, стварыць антыкарупцыйны суд і зацьвердзіць новую выбарчую сыстэму — у лістападзе дадалося яшчэ адно: прыняць закон «Аб імпічмэнце прэзыдэнта Ўкраіны».

Паколькі ніводнае з гэтых патрабаваньняў да гэтага часу ня выканана, Саакашвілі і яго прыхільнікі абвясьцілі аб пачатку 3 сьнежня акцыі «Народны імпічмэнт» і правядзеньні маршу ў цэнтры Кіева. У ходзе «імпічмэнту па-народнаму» актывісты «Руху новых сіл» маюць намер зьбіраць подпісы ўкраінцаў пад патрабаваньнем да Рады прыняць закон «Аб імпічмэнце прэзыдэнта Ўкраіны» ня толькі ў Кіеве, але і ў многіх іншых гарадах краіны. Ужо дзейнічаюць 150 штабоў дзеля правядзеньня гэтай кампаніі, частку зь іх стварыў «Рух новых сіл», а частку — розныя грамадзкія рухі.

Арганізатары прызнаюць, што працэдура збору подпісаў ня будзе мець юрыдычных наступстваў, і заяўляюць, што «Народны імпічмэнт» закліканы найперш стаць формай палітычнага ціску на ўкраінскую ўладу, якая ігнаруе вылучаныя да яе патрабаваньні.