«Улазіць у праблемы, якія адбіваюцца на ўсіх». Апазыцыйнага актывіста звальняюць з заводу ў Магілёве

Станіслаў Паўлінковіч падчас верасьнёвага пратэсту супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017» у Менску

Адміністрацыя Магілёўскага мэталюргічнага заводу ня будзе падаўжаць працоўныя дачыненьні з актывістам аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіславам Паўлінковічам. Актывіст заяўляе, што прычына звальненьня – актыўная дзейнасьць, за якую ён перасьледуецца міліцыяй.

Паўлінковіч: Мэта перасьледу – зрабіць жыцьцё апазыцыянэра невыносным

Паўлінковіч настойвае, што менавіта міліцыя «падказала» адміністрацыі заводу, як абысьціся зь ім. Ён спасылаецца на гутарку з кіраўніком прадпрыемства, які выказаў незадаволенасьць, што яму даводзіцца рэагаваць на допісы пасьля кожнага прыводу работніка ў міліцыю.

«Мэта органаў перасьледу зрабіць жыцьцё людзей, якія езьдзяць у Менск на акцыі пратэсту, невыноснай, каб яны зьехалі з краіны, – заяўляе ён. – Першы ж крок у дасягненьні гэтай мэты пазбавіць чалавека працы. Я лічу, што на кіраўніка прадпрыемства націснулі, каб мяне звольнілі».

Са слоў Паўлінковіча, на завод ён уладкаваўся паўтара года таму сартавальнікам-здавальнікам у трубаэлектразварачны цэх. Прэтэнзіяў да выкананьня ім працоўных абавязкаў за гэты час не было.

Працоўны кантракт Паўлінковіча з заводам сканчаецца 5 студзеня 2018 году. Актывіст зьбіраецца абскарджваць рашэньне адміністрацыі пра звальненьне праз Фэдэрацыю прафсаюзу Беларусі.

Адміністрацыя заводу: Паўлінковіч пастаяна парушае закон

У адміністрацыі Магілёўскага мэталюргічнага заводу Свабодзе пацьвердзілі, што Паўлінковіч папярэджаны пра непадаўжэньне працоўных адносінаў. На прадпрыемстве ня ўтойваюць, што праблемы работніка зь міліцыяй паўплывалі на рашэньне звольніць яго, але адкідаюць абвінавачваньні ў ціску з боку міліцыі.

«Пытаньне ня ў тым, у чым ён удзельнічае, а ў тым, што ён пастаянна парушае закон, – тлумачыў суразмоўца. – Ён улазіць у праблемы, якія адбіваюцца на ўсіх нас».

Суразмоўца дадаў, што цэх, у якім працуе Паўлінковіч, цяпер рэарганізуецца з прычыны перапрафіляваньня. Колькасьць работнікаў у ім скарачаецца. «Гэта таксама адна з падставаў яго звальненьня», – сказаў прадстаўнік адміністрацыі заводу.

Згаданую Паўлінковічам крымінальную справу распачалі за нібыта разьмяшчэньне ім у сацсетках відэароліку парнаграфічнага зьместу. Праз шэсьць месяцаў праверкі праз адсутнасьць складу злачынства справу спынілі.

Сёлета ж Станіслава Паўлінковіча аштрафавалі на 460 рублёў за пратэст супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Да суду двое сутак трымалі ў няволі. На акцыі пратэсту актывіст быў з накінутым на плечы ўкраінскім сьцягам. Доказам ягонай віны стаўся відэастрым, падчас якога актывіст даў інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода.