Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць магілёўскага актывіста


Станіслаў Паўлінковіч

Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць актывіста аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча. Яго вінавацілі ў тым, што ён разьмясьціў у сацсетках відэаролік парнаграфічнага зьместу. Актывісту вярнулі тэхніку, забраную падчас ператрусу на экспэртызу.

Станіслаў Паўлінковіч знаходзіўся ў статусе падазраванага ад 7 сакавіка. 10 жніўня, неўзабаве пасьля таго, як актывіст пачаў патрабаваць, каб яму вярнулі тэхніку, была распачатая крымінальная справа. 18 жніўня Паўлінковіча арыштавалі, а праз трое сутак вызвалілі.

«Тое, што спыненая справа, мяне ня дзівіць, бо яна была выдуманая. Яе распачалі, каб мяне запалохаць, каб я спыніў сваю апазыцыйную дзейнасьць. Дапускаю, што такім чынам мяне змушалі зьехаць з краіны. Зразумела, забраўшы тэхніку, яе праверылі. Я быў упэўнены, што справа ня дойдзе да суду. Парнаграфіі ніякай я не разьмяшчаў, што і пацьвердзілася», — сказаў Станіслаў Паўлінковіч.

У пастанове аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу гаворыцца: «У ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы доказаў, якія сьведчаць пра датычнасьць Паўлінковіча да зьдзейсьненага злачынства, атрымана не было, а крыніцы іх атрыманьня вычарпаныя».

Пастанову падпісала сьледчая Магілёўскага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту Ганна Бяляева. Гэтая ж сьледчая прымала рашэньне арыштаваць актывіста на трое сутак.

Пакуль вялося сьледзтва, Ленінскі суд Магілёва пакараў Станіслава Паўлінковіча штрафам у 460 рублёў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Станіслава двое сутак да суду трымалі ў няволі. На акцыі пратэсту актывіст быў з накінутым на плечы ўкраінскім сьцягам. Довадам ягонай віны стаўся свабодаўскі стрым, падчас якога актывіст даў інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG