«Подласьць бязь межаў» або «расейская правакацыя». Што ва Ўкраіне пішуць пра арышт Шаройкі ў Беларусі

Паўло Шаройка

Арышт у Беларусі ўласнага карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройкі стаў адной з галоўных тэм публікацый ва ўкраінскіх СМІ.

Журналісты заклікаюць украінскія ўлады перагледзець дачыненьні зь Беларусьсю, а таксама зьмяніць перамоўную пляцоўку па разьвязаньні сытуацыі на Данбасе. Радыё Свабода прапануе агляд некаторых матэрыялаў.

«Пра які „менскі працэс“ можа ісьці гаворка»

Аўтар артыкулу «Беларусь — Украіна: подласьць бязь межаў», разьмешчанага на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Укрінформ» адзначае, што дзеяньні беларускай улады ў дачыненьні да ўкраінскіх грамадзян супярэчаць публічным заявам Аляксандра Лукашэнкі пра сяброўскае стаўленьне да Ўкраіны:

«„Шпіянаж“ журналіста Шаройкі, падобна, вызначаецца тым, што, выконваючы свой прафэсійны абавязак, ён рыхтаваў аб’ектыўныя матэрыялы пра тое, што наўпрост закранае Ўкраіну і ўкраінскія інтарэсы: пра выкраданьне Паўла Грыба, аб сумесных ваенных манэўрах з Расеяю, чые вайскоўцы ў Беларусі гуляюць у „вайну“ з выдуманай „Вяйшнорыяй“, а на Данбасе вядуць вайну рэальную — з Украінай».

Паводле аўтара публікацыі, цана беларускай «прыязнасьці» ёсьць непрымальнай для Ўкраіны:

Павал Грыб. Аорхіўнае фота.

«Навіны аб сваёй „вечнай любові да ўкраінскага народу“ прэзыдэнт Лукашэнка рэгулярна „купляе“ падчас візытаў ва Ўкраіну, калі яму патрэбныя аргумэнты і ціск для чарговых гешэфтаў з крамлёўскай бандай. А плаціць „Лука“ — рэгулярна — стабільным галасаваньнем супраць Украіны ў ААН, або тымі ж манэўрамі ці прадстаўленьнем сваёй тэрыторыі для брудных апэрацый ФСБ, як у выпадку з выкраданьнем Паўла Грыба. Вядома, Украіна зараз ня ў тым становішчы, каб заводзіць сабе новых разьлютаваных ворагаў. Але ў тым, што дазваляе сабе афіцыйны Менск, нічога „новага“ няма і называецца гэта — адкрытая варожасьць, якую беларускі прэзыдэнт затуляе няшчырай балбатнёй».

«Такім чынам, узьнікае некалькі канкрэтных пытаньняў і адзіная агульная выснова. Аб якім „менскім працэсе“ па спыненьні вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны, можа ісьці гаворка. Падобныя перамовы праводзяць на нэўтральнай тэрыторыі. А мы хіба не наеліся да адвалу „беларускага нэўтралітэту“. А „беларускіх міратворцаў“ у блакітных касках ААН на Данбасе вы ўяўляеце? Але іх міністар замежных спраў Уладзімер Макей літаральна пазаўчора „ад усяго сэрца“ прапанаваў. Дзякуем, спадар міністар, пакіньце іх сабе!», — адзначаецца ў артыкуле.

Аўтар публікацыі не выключае, што празь нейкі час журналіст Паўло Шаройка можа апынуцца «там, дзе і папярэдні „беларускі“ палонны Паўло Грыб — у засьценках ФСБ Расеі». Менавіта таму «Украіна павінна сурʼёзна перагледзець свае адносіны з Беларусьсю»

«Ніводны ўкраінец ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы ў Беларусі»

«З гэтага часу ніводны ўкраінец, а тым больш журналіст, ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, знаходзячыся ў „брацкай“ Беларусі», — перакананы карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва «Укрінформ». Інтэрнэт-выданьне «Левы бераг» са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскіх дыпляматычных колах пераконвае, што арышт Паўла Шаройкі ёсьць працягам адмысловай інфармацыйнай апэрацыі спэцслужбаў Расеі па дыскрэдытацыі Беларусі перад усясьветнай супольнасьцю, каб з аднаго боку, захаваць свой уплыў на Беларусь, а зь іншага — пасварыць яе з Украінай.

«Для рэалізацыі гэтага пляну спачатку выкарысталі штатнага карэспандэнта карпункта расейскай тэлекампаніі НТВ у Беларусі, якога адмыслова „падставілі“ пад супрацоўнікаў пасольства Ўкраіны ў Менску з дакумэнтальнымі матэрыяламі — яны мусілі засьведчыць нібыта згоду беларускіх уладаў на выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі і беларускага войска для вядзеньня вайны на баку Расеі супраць Украіны», — цытуе дыплямата Інтэрнэт-выданьне.

Такім чынам, расейскія спэцслужбы нібыта спадзяваліся на неадкладную рэакцыю ўкраінскага боку пасьля атрыманьня такога матэрыялу, што прывяло б да канфрантацыі між Беларусьсю і Ўкраінай.

«Але паколькі ўкраінскі бок паставіўся да гэтай інфармацыі вельмі асьцярожна, тады расейскія спэцслужбы праз падкантрольныя ім сілы ў спэцслужбах Беларусі стварылі наступную правакацыю: абвінавацілі ў шпіянажы журналіста Нацыянальнага радыё, які па сумяшчальніцтве (паводле працоўнага пагадненьня) працаваў памочнікам сталага прадстаўніка Ўкраіны пры каардынацыйных інстытутах СНД у Беларусі».

«Выбар „ахвяры“ у асобе менавіта ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, на думку ФСБ РФ, вельмі ўдала падыходзіў пад задумы правакацыі: раней той быў ваенным журналістам, а апошнія гады сваёй ваеннай карʼеры (якая скончылася ў 2009 годзе) працаваў начальнікам прэс-службы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны», — піша «Левы бераг» са спасылкай на дыплямата.

Праваабаронцы рэкамэндуюць грамадзянам Украіны перагледзець свае пляны на наведваньне Беларусі

Дырэктар фонду «Адкрыты дыялёг» Людміла Казлоўская, якую цытуе інтэрнэт-выданьне «Гардон» мяркуе, што арышт украінскага журналіста можа сьведчыць аб працы расейскіх спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі:

«Вельмі падобна, што Беларусь стала проста працягам тэрыторыі „бязьмежжа“ для расейскіх спэцслужбаў. Хочам зразумець: самі беларусы зацікаўлены ў яго затрыманьні або трымаюць яго як новага закладніка Крамля. З Беларусьсю ўжо нічога нельга выключаць. Яго, як Паўла Грыба, могуць вывезьці», — адзначыла Людміла Казлоўская і дадала, што цяпер «украінцам стала небясьпечна езьдзіць у Беларусь».

17 лістапада Амбасада Ўкраіны і ўкраінскія СМІ паведамілі пра арышт 25 кастрычніка ў Менску ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Яго нібыта падазраюць у шпіянажы, але ў КДБ Беларусі не камэнтуюць гэтай сытуацыі. Вядома, што амбасада Ўкраіны накіроўвала беларускім уладам ноты пратэсту. Нацыянальны саюз журналістаў Украіны патрабуе ад Беларусі неадкладнага вызваленьня журналіста Паўла Шаройкі.