Міжнародны прафсаюз просіць Сьледчы камітэт Беларусі выпусьціць Фядыніча за мяжу

Генадзь Фядыніч

Глябальны прафсаюз IndustriALL — міжнароднае аб’яднаньне прафсаюзаў прамысловых рабочых, які ахоплівае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах, даслаў запрашэньне лідэру незалежнага Беларускага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзю Фядынічу наведаць Жэнэву 26-29 лістапада 2017 году.

Тут 27–28 лістапада пройдзе міжнародная сустрэча лідэраў прафсаюзаў. Яны абмяняюцца інфармацыяй і абмяркуюць мэты і прыярытэты дзейнасьці IndustriALL.

У міжнародным аб’яднаньні ведаюць, што Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе зь Беларусі. Таму генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс да запрашэньня прыклаў ліст-зварот у Сьледчы камітэт Беларусі. У ім гарантуецца «своечасовае вяртаньне Г.Ф. Фядыніча ў Рэспубліку Беларусь. Улічваючы абмежаваньні ў перамяшчэньні Фядыніча, зьвязаныя з дадзенай ім падпіскай аб нявыезьдзе, Глябальны саюз IndustriALL зьвяртаецца ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь з просьбай выдаць яму дазвол на выезд з краіны тэрмінам з 26 па 29 лістапада».

«Я аднёс гэты ліст у Сьледчы камітэт, — расказаў Свабодзе Генадзь Фядыніч. — Там на зварот паглядзелі са зьдзіўленьнем: маўляў, падобных дакумэнтаў ім яшчэ ніхто не прыносіў. На гэта я адказаў: шмат чаго ў жыцьці адбываецца ўпершыню. Але дакумэнт зарэгістравалі і паабяцалі даць адказ. Сказалі, пачакайце, да паездкі яшчэ месяц».

2 жніўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 243 (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Ігар Комлік, архіўнае фота

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца.

«Наша справа працягваецца, — кажа Генадзь Фядыніч. — Ідуць сьледчыя мерапрыемствы, выклікаюць людзей. Розных людзей, нават тых, якія не маюць да нашага прафсаюзу дачыненьня. Ігара выклікаюць заўтра, мяне — у панядзелак. Маё ўражаньне такое: сьледчыя нешта шукаюць, а што канкрэтна яны хочуць знайсьці, мне невядома».