Зьніклага ў Белавескай пушчы хлопчыка шукаюць другі месяц. Маці спадзяецца на цуд

Сёньня спаўняецца роўна месяц з таго дня, як у Белавескай пушчы зьнік 10-гадовы Максім Мархалюк зь вёскі Новы Двор Сьвіслацкага раёну. Ягоныя пошукі працягваюцца. Асноўная вэрсія зьнікненьня хлопчыка застаецца ранейшай — заблудзіў у лесе.

Начальнік аддзелу грамадзкіх сувязяў Упраўленьня ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко паведаміў Свабодзе, што пошукі Максіма Мархалюка не спыняюцца ні на дзень:

«Сёньня выехалі на пошукі вайскоўцы з часткі 5522. Яны адпрацоўваюць лясны масіў, тыя непралазныя ўчасткі, дзе цяжка было прайсьці ў адну лінейку, забалочаную мясцовасьць, куды было немагчыма дабрацца падчас дажджоў, куды ня здолелі дайсьці супрацоўнікі міліцыі, МНС, вайскоўцы. Таму пошукі працягваюцца кожны дзень і будуць працягвацца, пакуль ня будзе выніку.

Падчас пошукаў Максіма Мархалюка. 27 верасьня 2017 году

Уся інфармацыя, якая паступае, апрацоўваецца. „Польскі сьлед“ адрынуты, некалькі непраўдзівых „укідаў“ таксама адкінулі — незразумела, хто распаўсюджвае непраўдзівыя зьвесткі і навошта. Максім Мархалюк 2 кастрычніка аб’яўлены ў міжнародны вышук. Адпрацоўваецца і крымінальная вэрсія. Але ніякіх падставаў і прычын для крыміналу пакуль ня выяўлена.

Асноўная вэрсія — хлопчык зьнік у лесе. Будзем шукаць».

Your browser doesn’t support HTML5

Як тысячы беларусаў шукаюць 10-гадовага хлопчыка ў Белавескай пушчы (ВІДЭА)

Маці Максіма спадарыня Валянціна сказала Свабодзе, што пошукі не спыняюцца і яны сваёй сям’ёй таксама ня трацяць надзеі:

«Мы чакаем і спадзяёмся на цуд, верым самі ў цуд. Ну нічога ж пакуль не знайшлі... У мяне да вас просьба. Перадайце падзяку ўсім людзям, якія прымалі ўдзел у пошуку нашага сына, і хай іх абыходзіць такая бяда, якая здарылася з намі».

Хлопчыка шукалі тысячы чалавек. 23 верасьня 2017 году

Зьніклага 16 верасьня ў Белавескай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблудзіў у лесе.

Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22-й гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

Your browser doesn’t support HTML5

Хто шукаў Максіма Мархалюка ў пушчы

У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.

Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, пазьней супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.