Перадсьмяротная запіска Купалы і яшчэ 6 рэчаў з выставы пра рэпрэсаваных літаратараў

Запіска Янкі Купалы на імя Чарвякова перад спробай самагубства. «Паміраю, прымаючы тое, што лепш сьмерць фізычная, чым сьмерць палітычная. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога». А таксама нож, якім, верагодна, спрабаваў забіць сябе Янка Купала. Шум у пакоі паэта пачулі родныя, якія пасьпелі выклікаць доктара.

Крыжыкі, якія ў высылцы на Калыме з лыжкі і іншых матэрыялаў рабіў Сяргей Новік-Пяюн.

Просьба Францішка Аляхновіча аб прадастаўленьні яму савецкага грамадзянства. Побач зь ёй «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. Савецкія ўлады абмянялі Аляхновіча, які сядзеў у польскай турме, на Тарашкевіча.

Галінка верасу, засушаная Ўладзімерам Дубоўкам, які зьведаў не адну высылку. «Такія рэчы найбольш кранальныя. Машына рэпрэсій не магла перамагчы любові да Беларусі і да тых, хто побач. Гэта сымбаль», — гаворыць Павал Каралёў.

Асабістыя рэчы Аркадзя Смоліча. Галоўная праца — «Геаграфія Беларусі», пратакол вобшуку на кватэры Смоліча, напісаны алоўкам.

Пасьведчаньне Максіма Гарэцкага, выдадзенае яму незадоўга да арышту. У пасьведчаньні ёсьць толькі адзін штамп — за 1930 год. Тэрмін яго дзеяньня больш не працягваўся, таму што пісьменьнік ужо быў за кратамі.

Рэчы, знойдзеныя падчас раскопак у Курапатах. Гузікі, абутак, акуляры, гільзы і кулі.

Нож, якім Янка Купала, верагодна, спрабаваў учыніць самагубства, ягоная перадсьмяротная запіска, прадметы з раскопак у Курапатах і іншае.