Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я толькі выканаўца». У цэнтры Менску выстаўленая карціна пра сталінскія рэпрэсіі


Андрэй Дубінін. „клюб дзяржынскага, або ноч паэтаў“

«клюб дзяржынскага, або ноч паэтаў» — гэтую карціну абмяркоўваюць у сацыяльных сетках і сьпяшаюцца пабачыць. Пачытайце маналёг яе аўтара — мастака Андрэя Дубініна.

Менскі мастак Андрэй Дубінін вечарамі перакладае зь ідыш Мойшэ Кульбака, для сваіх дзяцей запісвае сямейныя ўспаміны сваякоў і шукае зьвесткі пра рэпрэсаваных дзядоў.

​Андрэй Дубінін — аўтар карціны «клюб дзяржынскага, альбо ноч паэтаў». Яе можна пабачыць на выставе «Стольнае места» у гонар 950-годзьдзя Менску ў Палацы мастацтваў з 13 па 22 верасьня.

Карціну суправаджае надпіс: «80 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, у сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД — цяпер тут знаходзіцца СІЗА КДБ „амэрыканка“ — расстралялі больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратараў, дзяржаўных дзеячоў, вучоных».

Андрэй Дубінін перад сваёй карцінай "клюб дзяржынскага, або ноч паэтаў"
Андрэй Дубінін перад сваёй карцінай "клюб дзяржынскага, або ноч паэтаў"

Баюся, каб ня кожная беларуская сям’я мела асабістую гісторыю, зьвязаную з рэпрэсіямі. Мой дзед Міхаіл Мікалаевіч Дубінін, 1902 году нараджэньня, быў расстраляны, калі яму было 35 год. Ён малодшы за Мойшэ Кульбака на шэсьць год, за Ўладзімера Дубоўку — на два. Гэта тое пакаленьне. Жыў ён на станцыі Старушкі Жыткавіцкага раёну. Адтуль яго ўначы забралі, прыехалі на чорных машынах. Баба кажа, што так было. Ён быў камуніст, можа і ў партыйнай ячэйцы быў. Ня тое каб мяне палохала гэта, але я ўсё адно думаю, якіх хібаў ён пасьпеў сам нарабіць.

Мой бацька — адзінае ягонае дзіця. Другі дзед быў высланы, і там яго на шахтах заваліла. Маці засталася адзінай дачкой. Маладымі маіх дзядоў забралі і зьнішчылі.

Я шукаў зьвесткі пра свайго расстралянага дзеда. Заносіў ліст у ГБ, там адказалі, што ніякіх матэрыялаў няма. У мяне дзеці малыя, дык я думаў, раптам нейкая ягоная асабістая рэч знойдзецца ці фатаздымкі ягоныя. Дзед быў рэабілітаваны. Аніякіх прабачэньняў, вядома, не было. Гэта ж толькі фашысты выплачваюць кампэнсацыі за тое, што чалавек быў у канцлягеры. А савецкім людзям навошта? «Ну атрымалася і атрымалася».

Гэтым летам я ўзяўся чытаць кнігу Ганны Севярынец «Уладзімер Дубоўка. Ён і пра яго». Там Ганна свае перажываньні, сваё бачаньне так выклала, што гэтую энэргію я счытаў. І да мяне ў адзін момант прыйшло вырашэньне ўсіх тых думак, вобразаў, якія ўнутры мяне калабродзілі.

Плястычнае вырашэньне — гэта рух з рукой за сьпінай і самыя сьпіны. Бо тагачасны тэрор сёньня ня мае аблічча, і гэта зарука беспакаранасьці. На карціне ёсьць людзі, галовы, але твараў у іх няма. А сьцяжкі на іхных гімнасьцёрках можам разгледзець. Гэтае зло набліжанае.

Калі я зразумеў, што такі рух можна зрабіць больш мэтафарычным, то карціна адразу ўзьнялася над канкрэтным, пашырыла свой вобраз, стала больш сюррэалістычнай. Цяпер пра яе кажуць «фантасмагорыя», але гэта найлепшы камплімэнт. Калі ў гестапа спыталі ў Пікаса, паказваючы на «Герніку»: «Гэта зрабілі вы?» Ён адказаў: «Не, гэта зрабілі вы».

Мой аднакурсьнік пытаецца ў мяне, навошта я выкарыстаў келіхі. Маўляў, трэба было гранёныя шклянкі. Але даць ім шклянкі — значыць рэдукаваць, заніжаць вобраз зла, зьвесьці яго да падваротні. Але гэтыя афіцэры хадзілі пасьля ў тэатар, глядзелі за аксамітнымі завесамі „Рамэа і Джульету“. Навошта нам заніжаць гэтае зло?

Я б запытаў: адкуль вы гледзіце на гэтую карціну? Калі мы бачым такія сьпіны? Можа, у чарзе? Ці я буду наступны страляць? Ці гэта мяне будуць расстрэльваць? У чарзе па што я? Мая жонка кажа: жудасна тое, што ты прымяраеш на сябе, нібыта табе задачка — «прыкінь на сябе гэты касьцюмчык». І выява правакуе цябе паўтарыць гэты рух.

Што там у руцэ? Ці наган? Ці келіх? Гэта ж і ёсьць тост. Кожны стрэл — гэта салют. Тады, у 1937-м, было 20-годзьдзе „рэвалюцыі“. Сёлета ўжо 100-годзьдзе.

Загана сёньняшняга часу, што мы занадта лёгацэнтрычныя: усё спрабуем праз слова патлумачыць. А вобраз, ён сам па сабе ёмісты, форма і ёсьць зьмест. Гэта мне найцікавейшае.

Чаму цяпер зьявілася гэтая карціна? Я толькі выканаўца. Цяпер відавочна час сфармаваў нейкі запыт мець сфармуляваную выяву. Пяць гадоў таму, тры гады таму гэта не было так актуальна. Цяпер у „Галерэі Ў“ ідуць вечарыны, прысьвечаныя расстраляным паэтам. Выходзяць кніжкі адна за адной. Вы ведаеце, колькі чалавек цяпер Кульбака перакладаюць? Чацьвёра! І ўсе зь ідыш. З чаго гэта?

Я словамі Мандэльштама скажу:

«Век мой, зверь мой, кто сумеет

Заглянуть в твои зрачки

И своею кровью склеит

Двух столетий позвонки?»

Няма зараз патэнцыі далейшага росту, пакуль мы ня склеім перарваныя 37-м годам пазванкі, пакуль ня зробім прышчэпку на гэты час, пакуль ня вернем да жывога ўжытку творчасьць гэтых паэтаў. Запыт быў сфармуляваны ў паветры нібы як zeitgeist.

Гэтая карціна большая за мяне. Я зьявіўся тым «пунктам расы», калі гэты «кандэнсат» раптам аформіўся ў рэч — у карціну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG