Міністар абароны Літвы: вучэньні «Захад» сталі праблемай ня толькі нашай, а ўсяго блёку NATO, і гэта наш выйгрыш

Эмблема НАТО

Літоўскае грамадзтва занадта запалоханае распачатымі 14 верасьня сумеснымі вайсковымі вучэньнямі Расеі і Беларусі «Захад-2017», сьцьвярджае міністар абароны Літвы Раймундас Каробліс.

«Гэта выклікае ў мяне вялікі непакой. Падобна на тое, што мы напалоханыя больш, чым гэтага патрабуе адэкватная сытуацыя», — заявіў міністар 14 верасьня.

Ён адзначыў, што паўгода таму сытуацыя была складанейшая, чым цяпер, але балтыйскім краінам і Польшчы ўдалося пераканаць NATO, што да гэтых вучэньняў трэба быць гатовымі ўсім.

«Калі паўгода таму мы выказвалі сваю пазыцыю, здавалася, што побач з нашымі межамі сытуацыя больш сурʼёзная, чым цяпер. І нашыя дзеяньні, якія зьвярнулі ўвагу NATO на вучэньні „Захад“, паколькі на той сьлед былі наведзеныя ўсе выведкі, усе органы NATO, усе хаўрусьнікі, усе сумесныя дзеяньні, тактычныя дзеяньні — праходзяць вучэньні і ў Польшчы, ідуць вучэньні „Аўрора“ побач са Швэцыяй — усё гэта прывяло да таго, што вучэньні „Захад“ сталі праблемай ня толькі Польшчы і балтыйскіх краін, але і ўсяго блёку NATO. Гэта найбуйнейшы наш выйгрыш», — растлумачыў Каробліс.

Міністар падкрэсьліў, што пагроза, якую ўяўляюць вайсковыя вучэньні, цяпер мінімальная. Ён зьвярнуў увагу, што адной з мэтаў суседзяў ёсьць запалохваньне балтыйскіх дзяржаваў, таму ня варта гэтаму паддавацца.

Расея і Беларусь пачалі сумесныя тыднёвыя вучэньні 14 верасьня. Масква паведамляе, што ў вучэньнях возьмуць удзел менш за 13 тысяч вайскоўцаў, а заходнія службоўцы лічаць, што насамрэч да вучэньняў будуць далучаныя каля 100 тысяч вайскоўцаў.

У сцэнары вучэньняў «Захад» закладзены ўзброены канфлікт з NATO. Частка раёнаў, у якіх будуць праходзіць вучэньні, знаходзіцца ля мяжы зь Літвой, таму літоўская выведка не выключае імавернасьці правакацыяў або інцыдэнтаў.