Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто назірае за вучэньнямі «Захад-2017»? Інфармацыя МЗС Беларусі пра запрошаных і акрэдытаваных


Ілюстрацыйнае фота. Вайсковая тэхніка на тэрыторыі тэхнічнага цэнтру асіповіцкіх артылерыстаў

Міністэрства замежных спраў Беларусі абнародавала зьвесткі пра колькасную прысутнасьць назіральнікаў на расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017».

Такім чынам, беларускім бокам было запрошана па два прадстаўнікі ад міжнародных арганізацый — ААН, АБСЭ, NATO, Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Па столькі ж дэлегатаў ад інтэграцыйных структураў — сакратарыяту АДКБ, Аб’яднанага штабу АДКБ, сакратарыяту Савету міністраў абароны СНД, Антытэрарыстычнага цэнтру СНД, Саюзнай дзяржавы. Усяго 18 чалавек.

У рамках «дадатковых захадаў даверу і бясьпекі» таксама па 2 прадстаўнікі ад дзяржавы афіцыйны Менск запрасіў прадстаўнікоў узброеных сілаў Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Польшчы, Украіны, Швэцыі і Эстоніі. Усяго 14 чалавек.

Акрамя таго, запрашэньні атрымалі прадстаўнікі вайскова-дыпляматычнага корпусу, акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Беларусь. Як удакладняецца, па адным чалавеку ад дзяржавы — усяго 53 чалавекі.

Такім чынам, на «Захад-2017» запрасілі 85 назіральнікаў. Для асьвятленьня хады вучэньняў МЗС Беларусі акрэдытаваў 273 замежныя журналісты, у тым ліку ад Радыё Свабода.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

XS
SM
MD
LG