Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 жніўня падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўлі Нійністэ заявіў, што Амэрыка стаіць на абароне краінаў Балтыі і разам з саюзьнікамі будзе гатовая супрацьстаяць любой пагрозе, якую могуць уяўляць сумесныя вайсковыя марскія вучэньні Кітая і Расеі, якія праходзяць у Балтыйскім моры.
«Мы стаім на абароне гэтага рэгіёну. Гэта ўсё, што я магу сказаць. Мы вельмі, вельмі гатовыя абараняць. У нас там ёсьць выдатныя сябры», — заявіў Трамп пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўлі Нійністэ.
Расейска-кітайскія марскія вучэньні ў Балтыйскім моры выклікалі напружанасьць у рэгіёне. Мэтай нядаўняга турнэ віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса ў краіны Балтыі было запэўніць саюзьнікаў па NATO ў прыхільнасьці ЗША пятаму артыкулу дамовы альянсу.
У сваю чаргу прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін запэўніў яго, што расейска-кітайскія вучэньні не ўяўляюць ніякай пагрозы Фінляндыі, у той час як ЗША, Фінляндыя і Швэцыя таксама правялі вайсковыя вучэньні на Балтыцы.
«Мы павінны быць вельмі асьцярожнымі, каб не дапусьціць ніякіх інцыдэнтаў, таму што такія маштабныя вучэньні і велізарнае перасоўваньне вайсковай тэхнікі могуць стварыць праблему, якая перарасьце ў нешта яшчэ», — сказаў Нійністэ, заявіўшы, што лічыць вельмі важным працягваць дыялёг паміж NATO і Расеяй.
Пры ўступленьні на пасаду прэзыдэнта Дональд Трамп таксама разьлічваў на паляпшэньне стасункаў з Расеяй, але меркаванае ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША парушыла гэтыя пляны.
Масква і Трамп адмаўляюць наяўнасьць якой-небудзь змовы, якая магла б спрыяць перамозе Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта ЗША.
У пачатку жніўня Трамп падпісаў закон аб новых амэрыканскіх санкцыях у дачыненьні Расеі.
Трамп назваў краіны Балтыі «вельмі важнай часткай сьвету».
«Калі спатрэбіцца, то мы здольныя супрацьстаяць разнастайным пагрозам. Я спадзяюся, што нам не давядзецца гэтага рабіць, але, калі спатрэбіцца, мы зможам ім супрацьстаяць», — сказаў → ён.