Amaq: «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за напад у Сургуце

Сургут

Адказнасьць за напад на людзей у Сургуце ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». Гэтую інфармацыю сёньня, 19 жніўня, распаўсюдзіла агенцтва Amaq, зьвязанае з джыхадыстамі.

Расейскія праваахоўныя органы раней заяўлялі, што вэрсія тэракту не зьяўляецца асноўнай.

У шэрагу сродкаў масавай інфармацыі ў суботу зьявіліся кадры зь месца гібелі нападніка. На іх відаць, што забіты ўвесь апрануты ў чорнае, а на жываце ў яго замацаваны прадмет, які вонкава нагадвае пояс з выбухоўкай. Паведамлялася таксама, што гэта муляж.

У суботу днём невядомы, якога ў паліцыі лічаць мясцовым жыхаром, напаў з нажом на мінакоў у цэнтры Сургуту, параніўшы сем чалавек. Ён быў застрэлены супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Справа расьсьледуецца па артыкуле аб замаху на забойства.