«Суразмоўцы з Латвіі былі вельмі адэкватныя». Палітыкі пра сустрэчу зь міністрам замежных справаў Латвіі

Эдгарс Рынкевічс, архіўнае фота

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сустаршыня БХД Павал Севярынец сустрэліся 18 ліпеня ў Менску зь міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

Рынкевічс пачаў сёньня трохдзённы візыт у Беларусь і плянуе сустрэцца таксама з прадстаўнікамі ўладаў.

Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту Свабоды, што Рыга падтрымлівае ідэю трохбаковага дыялёгу,

«Рыга выступае за трохбаковы дыялёг, у якім удзельнічаюць улады, прыхільнікі пераменаў і афіцыйная Рыга. І мы гаварылі, што дыялёг неабходны, толькі ён мусіць быць, па-першае, крытычным, па-другое, абумоўленым і, па-трэцяе, на трохбаковай аснове. У яго мусяць быць уключаныя прадстаўнікі і грамадзянскай супольнасьці, і палітычнай апазыцыі. Толькі так мы будзем гаварыць пра інтарэсы дзевяці з паловай мільёнаў людзей, бо сёньня ўлада не рэпрэзэнтуе інтарэсаў усіх жыхароў краіны», — сказаў Лябедзька.

Таксама палітыкі закранулі тэму правядзеньня свабодных, сумленных выбараў у Беларусі паводле стандартаў АБСЭ.

«Для нас мясцовая выбарчай кампанія — гэта індыкатар пазытыўных пераменаў у Беларусі», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Падаецца, што нібыта нейкая пазытыўныя зрухі. Хаця месцамі стала нават горш

Паводле Паўла Севярынца, гаворка ішла пра тое, што ў Беларусі няма свабодных выбараў, пра палітвязьняў, пра адсутнасьць свабоды сходаў і асацыяцыяў.

«А падаецца, што нібыта нейкая пазытыўныя зрухі. Хаця месцамі стала нават горш. І, вядома, ішла гаворка пра расейскую пагрозу, асабліва ў сьвятле вучэньняў „Захад-2017“», — сказаў Павал Севярынец.

Як кажа Севярынец, суразмоўцы з Латвіі былі вельмі адэкватныя.

«Раней Латвія займала больш прагматычную пазыцыю і была закрытая для грамадзянскай супольнасьці і дэмакратаў. Але цяпер сытуацыя памянялася, гэта відавочна. Мяркуючы з апошніх сустрэчаў з прадстаўнікамі Латвіі, там прыйшлі больш прытомныя людзі», — сказаў сустаршыня БХД.

Павал Севярынец сказаў, што апошнім часам эўрапейскія палітыкі як дождж пасыпаліся на беларускую зямлю. Ён мяркуе, што гэта зьвязана з вучэньням «Захад-2017»:

«У глыбіні — цікавасьць да той сытуацыі, якая можа скласьціся ўвосень у зьвязку з гэтымі вучэньнямі. Я лічу, што Захад у найвышэйшай ступені занепакоены вось гэтай імпэрскай гульнёй, бразгатаньнем зброяй».