Нечаканы Скарына: ці належаў ён да залатой моладзі ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

У рэаліях XV-XVI стагодзьдзяў сын селяніна ня меў шанцаў атрымаць адукацыю і выбіцца ў людзі. Гэта маглі зрабіць толькі дзеці шляхты або заможных мяшчан.

Беларусам пашанцавала, што дзед і бацька Скарыны мелі дастаткова ініцыятывы і энэргіі, каб стаць прадпрымальнікамі і зарабіць немалы для таго часу капітал. Старэйшаму сыну Івану належала пераняць бацькоўскую справу, а малодшы Францішак пайшоў у навуку.

Лука Скарына меў дастаткова грошай, каб паслаць сына спачатку ў віленскую школу, а пасьля і ў кракаўскі ўнівэрсытэт. У тыя часы ўнівэрсытэты ня бралі са студэнтаў плату за навучаньне. У некаторых выпадках трэба было ўнесьці толькі невялікі ўступны ўзнос. Гэтак Скарына ў 1504 годзе заплаціў у скарбонку кракаўскага ўнівэрсытэту тры літоўскія грошы. Затое здымаць жыльлё і харчавацца студэнтам трэба было за ўласны кошт. А гэта было ня танна, асабліва для тых, хто прыехаў па навуку ў чужую краіну. Але Скарыны на гэта сродкі мелі.

Калі ня браць валоданьні брата Івана ў Вільні, Познані і Гданьску, а паглядзець толькі на полацкія ўладаньні нашчадкаў Лукі, то і яны ўражваюць. У 1535 годзе сям’я Скарынаў, у тым ліку і сам першадрукар, валодалі домам у Полацкім замку, што было асабліва пачэсна, а таксама домам у Вялікім пасадзе побач з дамамі чатырох бурмістраў. На зямельных пляцах Скарынаў у горадзе жыло больш за 20 мяшчан, пры тым што на пляцах бурмістра Мартына Шчыта жыло пяць месьцічаў, а бурмістра Давыда Панкова — сем.

Мелі Скарыны і маёнтак за горадам зь вялікім домам, зь вёскай, з падданымі сялянамі, з бортнымі промыслам, з ворнай зямлёй і паляўнічымі ўгодзьдзямі.

Трэба разумець, што малады Францішак Скарына належаў да гарадзкога патрыцыяту, вырас з пачуцьцём уласнай годнасьці і гонару за сваю сям’ю. Гэтыя пачуцьці пазьней трансфармаваліся ў гонар за радзіму і пачуцьцё нацыянальнай годнасьці, якія штурхнулі юнака ў далёкія падарожжы і прывялі да вялікіх дасягненьняў.

Жыцьцё не даруе пасіўнасьці і ўзнагароджвае энэргічных і актыўных. Як казаў Хрыстос, «хто мае, таму дадасца, а хто ня мае — у таго аднімецца».

Падзякуем сям’і асьветніка за актыўнасьць і прадпрымальнасьць. Калі казаць сучаснай мовай, малады Францішак Скарына належаў да залатой моладзі старой сталіцы Беларусі — Полацку.

Колькі ўнівэрсытэтаў ён скончыў

Дзе ён натхніўся на выданьне кніг

Ці быў ён гуманістам

Ці быў ён заснавальнікам усходнеславянскага друку

За што мы яго шануем