Касацыйную скаргу Садоўскага «за зрыў» Дня Волі разгледзяць 6 ліпеня

Дзяніс Садоўскі

6 ліпеня Менскі гарадзкі суд пачне разглядаць касацыйную скаргу адказнага сакратара Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага. Адпаведны ліст ён атрымаў з суду Маскоўскага раёну Менску.

Адзін з заяўнікаў масавага мерапрыемства вінаваціць Менгарвыканкам у зрыве акцыі 25 сакавіка.

Раней раённы суд адмовіў Дзянісу Садоўскаму ў скарзе на дзеяньні сталічных уладаў напярэдадні 25 сакавіка. Садоўскі патрабаваў прызнаць парушэньнем закону тое, што Менгарвыканкам не адказаў у вызначаны законам тэрмін, ці дазволеная акцыя.

У судзе актывіст на пальцах адлічыў названыя ў законе пяць дзён ад 25 сакавіка, аднак гэта не пераканала судзьдзю Алену Рудніцкую.