Аднавіў Крыж Пакуты, усталяваў сотні крыжоў. 10 фактаў пра Алеся Чахольскага

Чарнобыльскі шлях — 2017

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты, адзін зь кіраўнікоў КХП БНФ 59-гадовы Алесь Чахольскі некалькі дзясяткаў гадоў апякуецца месцам згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Чахольскі належыць да той катэгорыі людзей, якія больш робяць, чым гаворыць, і таму ня ўсім вядома, што ў вялікай ступені дзякуючы ягоным арганізатарскім намаганьням у Курапатах паўсталі тысячы крыжоў. Мы сабралі 10 фактаў пра курапацкага рупліўца.

Быў начальнікам мэдычнай службы вайсковага батальёну

«Сам я, як кажуць магілёўскі, асіповіцкі хлопец», — з усьмешкай распавядае Чахольскі. — У 15 гадоў выехаў у Менск, паступіў у мэдычную вучэльню, закончыў яе па спэцыяльнасьці фэльчар. Сем гадоў праслужыў у савецкім войску, тэрміновую службу — ва Ўкраіне пад Кіевам і ў Днепрапятроўску, вярнуўся на Бацькаўшчыну і 5 гадоў адслужыў начальнікам мэдслужбы батальёну 356-га мотастралковага палка 120-й Рачоўскай дывізіі, што ва Ўруччы пад Менскам. У 1983 годзе праходзіў падрыхтоўку для службы ва Аўганістане, але паехаць не давялося, бо ў 1985 годзе ўжо меў двух малых дзетак«.

Жыцьцё зьмяніў дзень 20 жніўня 1991 году

«Я прыйшоў да Беларусі ў 1991 годзе, — прызнаецца Чахольскі. — Канчатковае рашэньне прыняў 20 жніўня 1991 году, калі ішоў другі дзень так званага путчу. Я прыйшоў на Плошчу, убачыў Пазьняка і зразумеў, што з камунізмам усё скончана...

Тады я яшчэ размаўляў па-расейску. Дзякуй Богу, камуністаў ня быў, хаця ў войску прапаноўвалі».

Дасканала ведае гісторыю сваёй сямʼі

Чахольскі можа гадзінамі расказваць пра сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Памятае кожную дату, мясьціну, імя. «Мой род пацярпеў ад двух таталітарных сыстэм — фашысцкай і камуністычнай сталінскай, — кажа Чахольскі. — І дзіўна, як я зьявіўся на гэты сьвет... Аднаго майго дзеда Антона Ўрбановіча ў 1934 годзе „раскулачылі“ і выслалі ў Казахстан, дзе яго і забілі энкавэдзісты. А брата майго дзеда, Сакалоўскага расстралялі ў Курапатах». Па Антону Ўрбановічу Алесь Чахольскі ўсталяваў імянны крыж на курапацкай галгофе.

Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў і Юрась Беленькі разам з Ганнай Яўхімаўннай Пазьняк ля яе роднай хаты. Суботнікі, 2002 г.

​Навучыў унукаў дэвізу беларускай шляхты

Пасьля войска Чахольскі 27 гадоў адпрацаваў на менскім заводзе НПА «Цэнтр». «Але ўжо пяты год беспрацоўны — праблемы са здароўем плюс актыўная грамадзянская пазыцыя, — тлумачыць Чахольскі. — Працую дзедам, у мяне пяцёра ўнукаў, з садку, са школы забраць... І я вельмі шмат часу прысьвячаю Курапатам і палітычнай дзейнасьці, бо хачу, каб мае ўнукі жылі ў вольнай Беларусі. Маіх унукаў можна ўначы разбудзіць і запытацца, які ў нас сьцяг і герб, адразу адкажуць: «Бел-чырвона-белы і Пагоня». А старэйшы 7-гадовы ўнук Багдан, калі запытаюся пра дэвіз беларускай шляхты, адказвае: «Дэвіз нашай сямʼі — сэрца Айчыне, гонар нікому».

Усталяваў і адрамантаваў у Курапатах сотні крыжоў

Пытаюся Алеся Чахольскага, ці вядома, колькі грошай за апошнія дзесяцігодзьдзі беларусы ахвяравалі на курапацкія крыжы. «Тысячы даляраў былі ахвяраваныя. — адразу адказвае актывіст. — Усё ўлічана, гэтыя ведамасьці будуць у музэі ў Курапатах. Усе захоўваецца ў архівах у пэўных месцах. Усе крыжы прайшлі праз маё сэрца і праз мае рукі, практычна кожны ўсталяваны там крыж, акрамя імянных, якія людзі ставілі па сваіх продках. Многія зь іх узгадняла гэта са мной, бо для гэтага і створаная грамадзкая дырэкцыя народнага мэмарыялу Курапаты, каб каардынаваць такія рэчы. За гэтыя дзесяткі гадоў я прайшоў уздоўж і поперак Курапаты не адзін раз. Хоць з закрытымі вачыма туды мяне завядзі, усё раскажу пра кожны крыж і памятны знак.

На талацэ ў Курапатах. Алесь Чахольскі зьлева.

Сам я ўсталяваў сотні крыжоў, а колькі адрамантаваў і не палічыць, бо вандалы колькі крыжоў пашкодзілі за гэтыя гады...»

Аднавіў зламаны вандаламі Крыж Пакуты на заводзе, дзе працаваў

У кастрычніку 2007 году невядомыя вандалы зламалі Крыж Пакуты, галоўны курапацкі крыж, які людзі на руках прынесьлі ў Курапаты ў 1989 годзе. «Цяпер я магу пра гэта расказаць, — згадвае Чахольскі. — З 7 на 8 кастрычніка 2007 году яго зламалі. Я прылятаю ў Курапаты 8 лістапада. Стаю ля зламанага крыжа. Праз 20 дзён Дзяды, а крыж ляжыць, зламаны на тры часткі. Я думаю пра то, што можна зрабіць за 20 дзён. Адразу прыняў пэўныя рашэньні, і 24 кастрычніка 2007 году я, Сяргей Папкоў, Юрась Беленькі, Валер Буйвал і Ўладзімер Юхо ўсталявалі адрэстаўраваны, адноўлены крыж.

Два тыдні я нічым іншым не займаўся. Мне была аказаная калясальная дапамога. Нават кіруючыя людзі ведалі, што я рабіў. Я аднавіў крыж на сваім прадпрыемстве НПА „Цэнтр“. Мне было сказана: „Што трэба, то і рабі“. Акрамя таго, што гэта першы крыж, пачатак Народнага мэмарыялу, ён прайшоў праз маё сэрца, калі я яго зьбіраў сваімі рукамі».

Езьдзіў у Жодзіна дапамагаць курапацкаму цесьляру Рыбкаўцу, якога перасьледавала міліцыя

Жодзінскі цесьляр Анатоль Рыбкавец вырабіў сотні крыжоў для Курапатаў у сваёй майстэрні. Больш за дзесяць гадоў таму мясцовыя міліцыянты паспрабавалі абвінаваціць яго, у тым, што ён вырабляе крыжы нібыта са скрадзенай драўніны. Чахольскі адразу паехаў у Жодзіна, запрасіўшы для інфармацыйнай падтрымкі карэспандэнта Свабоды, сустрэўся з міліцыянтамі, мясцовымі ўладамі, у выніку падазрэньне зь цесьляра было зьнятае.

Алесь Чахольскі (справа)

На пэўных умовах пагадзіўся ўдзельнічаць у ініцыятыўнай групе ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў на чале з Паўлам Якубовічам

Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч публічна дзякаваў Чахольскаму за шматгадовую працу ў Курапатах. «Нізкі паклон энтузіястам, якія гадамі гэта рабілі. Не далей як учора мы яшчэ раз прайшлі па тых месцах... Я яшчэ раз зьдзівіўся, я проста ўявіў, як гэтыя людзі працавалі, насілі крыжы, ставілі камяні, і колькі было пакладзена і сіл, і энэргіі. Рэдкі выпадак такога падзьвіжніцтва. Шчыра кажучы, я пра яго мала ведаў, зараз пераканаўся, і гэта выклікае, канешне, асобыя пачуцьці і вялізную павагу».

Алесь Чахольскі сустракаўся з Паўлам Якубовічам у Курапатах, паказваў усталяваныя крыжы, справаздачы аб ахвяраваньнях людзей на крыжы. Чахольскі перакананы, што ўлады павінны зрабіць пэўныя крокі дзеля забесьпячэньня бясьпекі ў Курапатах і мэмарыялізацыі на полі ля ўрочышча.

Я буду амаральным чалавекам, калі я буду супрацоўнічаць з уладай без выканьня гэтых умоваў

«У нас ёсьць канцэпцыя Народнага мэмарыялу, якая рэалізоўваецца на працягу не аднаго дзясятку гадоў. Гэта крыжы, Народны мэмарыял на самой тэрыторыі Курапат, дзе магілы — 23 гектары. Уся астатняя мэмарыялізацыя павінна адбывацца на полі з боку „Экспабелу“, там павінен быць музэй і сьцяна Памяці. Каб мэмарыялізацыя адбылася, трэба вярнуць ахоўныя зоны, які даўно ўжо распрацавалі дзьве цудоўныя жанчыны Косьціч і Кукуня. Трэба зьнесьці „Бульбаш-хол“. Дарэчы, пытаньне зь бізнэс-цэнтрам ля Курапатаў ня зьнятае. Горад прымушае будавацца на тым месцы. Каб зьняць канфлікты, трэба вярнуць ахоўныя зоны, тады туды ніхто не палезе. Таксама, каб далей рухацца і знаходзіць нейкія моманты супрацоўніцтва зь дзяржавай, павінны быць выпушчаныя хлопцы, зьняволеныя ў „справе патрыётаў“, павінны быць рэабілітаваныя ўсе, хто быў аштрафаваны за абарону Курапатаў. Я буду амаральным чалавекам, калі я буду супрацоўнічаць з уладай без выканьня гэтых умоваў».

Чахольскі выступае на мітынгу ў абарону Курапатаў ад будаўніцтва бізнэс-цэнтру 3 сакавіка 2017-га.

​Моцна падтрымаў сябра Юрыя Качука, у якога трагічна загінула дачка

Чахольскі апякуецца Юрыем Качуком, у якога ў чэрвені трагічна загінула ў Празе дачка Юлія. Ён узяў на сябе арганізацыйныя справы, суправаджаў Качука ў падарожжы ў Прагу, куды ён мусіў выправіцца дзеля ідэнтыфікацыі і вяртаньня цела дачкі на радзіму.

«Для мяне гэта асабістая трагедыя, — кажа Чахольскі. — У мяне дачка і сын, яны такога ж узросту як мая другая дачка Юля Качук, якую я ведаў зь дзяцінства. Прыяжджаў да іх у Зэльву. Юра — мой сябра. Для мяне гэта пэрсанальная трагедыя. Я проста побач зь ім, і частку болі ўзяў на сябе, хаця боль бацькоў, якія страцілі дзіця, апісаць немагчыма».

Быў пераможцам у фотаконкурсе «Мае фота — Мае Курапаты»

У 2008 годзе Свабода правяла фотаконкурс «Мае фота —- Мае Курапаты» да 20-годзьдзя адкрыцьця праўды пра расстрэлы ў Курапатах. Было даслана больш за 200 фотаздымкаў з Курапатаў розных часоў і грамадзкі рэдактар фотаконкурсу «Мае фота — мае Курапаты» Зянон Пазьняк выбраў найбольш цікавыя і характэрныя фотаздымкі. Адным зь пераможцаў стаў Алесь Чахольскі — «За пасьлядоўную фіксацыю тэмы Курапатаў» за сэрыю архіўных фатаграфіяў.

​