Лінкі ўнівэрсальнага доступу

85 рублёў — столькі каштуе адзін крыж на Курапатах


Падчас мітынгу каля Курапатаў 3 сакавіка прадстаўнікі КХП-БНФ зьбіралі грошы на ўсталяваньне мэталічных крыжоў ва ўрочышчы. Плянуецца, што бліжэйшым часам іх вырабяць больш за 100 штук.

Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі патлумачыў Свабодзе, што ўсе сабраныя сродкі адмысловая камісія палічыць, пасьля гэтага будзе апублікаваны справаздачны акт.

«Пасьля збору сродкаў на мерапрыемстве мы ствараем камісію, якая падлічвае сродкі і складае акт. Пасьля гэты акт можна будзе апублікаваць», — сказаў Чахольскі.

Ён патлумачыў, што калі вырабляць вялікую колькасьць крыжоў, то сабекошт аднаго значна зьніжаецца:

«Калі іх рабіць па 10 штук, то сабекошт моцна павялічваецца. Нам трэба па мінімальных цэнах усё вырабіць. Крыжы будуць мэталічныя. Трэба закупіць мэтал, фарбу, цэмэнт, заглушкі, пасьля рэзаць і варыць мэтал. Праўда, у кошт не ўваходзіць дастаўка крыжоў, ёсьць валянтэры, якія зробяць гэта бясплатна. Капаць, ставіць крыжы, бэтаніраваць — гэта таксама на валянтэрскіх пачатках. Сабраныя сродкі пойдуць толькі на матэрыял. Кошт аднаго крыжа — дзесьці 83–85 рублёў».

Паводле Чахольскага, актывісты ня будуць чакаць Дзядоў, калі традыцыйна адбываецца ўсталяваньне крыжоў на Курапатах. Як толькі зьбярэцца неабходна сума, каб пачаць працу, новыя мэталічныя крыжы пачнуць зьяўляцца ва ўрочышчы.

Збор сродкаў на крыжы праходзіць таксама на краўдфандынгавай плятформе talaka.by. Па стане на 4 сакавіка сабрана 18% патрэбнай сумы. Усяго актывісты разьлічваюць сабраць 10 тысяч рублёў.

Каля 200 мясцовых жыхароў ды актывістаў сабраліся на агульнагарадзкі мітынг у Курапатах 3 сакавіка. Падчас яго Зьміцер Дашкевіч адзначыў:

«Ад імя шасьці чалавек, якія ўсталёўвалі першы намёт, я хачу абвесьціць, што мы будзем здымаць варту, якая, мы лічым, дасягнула сваіх мэтаў. Забудоўнік выконвае свае словы. На тэрыторыі няма тэхнікі, няма рыштунку. У панядзелак, паводле нашай інфармацыі, будзе раўняцца ляндшафт, а тэрыторыя будзе перадавацца «Зелянбуду».

Паводле Дашкевіча, варту здымуць у панядзелак. Але ініцыятары лягеру будуць працягваць сачыць за сытуацыяй. Дашкевіч зьвярнуўся са сцэны да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца і заявіў, што ў выпадку перадачы тэрыторыі іншаму забудоўніку, пратэст адновіцца.

Поўнае відэа мітынгу ў Курапатах 3 сакавіка

Больш на гэтую тэму:

Пазьняк: У Курапатах павінна паўстаць сьцяна нацыянальнай памяці, дзе будзе выгравіравана прозьвішча кожнага закатаванага беларуса

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG