Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пятнаццаты раз адказаў на пытаньні расейцаў на «прамой лініі». У жывым эфіры, які вялі расейскія дзяржаўныя каналы, выводзіліся пытаньні, якія адпраўлялі па SMS. Сярод іх былі пытаньні аб карупцыі ва ўладзе і аб адстаўцы прэзыдэнта.
Сярод пытаньняў, якія даслалі гледачы па SMS, і якія паказалі па тэлевізіі, былі такія:
- «Вашы словы „сваіх не здаем “ тычацца казнакрадаў і карупцыянераў?»
- «Пуцін, ты праўда лічыш, што народ верыць у гэты цырк з падстаўнымі пытаньнямі?»
- «Уся Расея лічыць, што вы засядзеліся на троне»
- «Да якога часу будзем чуць: „Грошай няма, але вы трымайцеся“? Алена Валянцінаўна (пэнсіянэрка)»
- «Тры тэрміны прэзыдэнцтва — досыць!»
- «Можа вы стаміліся, і вам трэба адпачыць?»
- «Ці дачакаемся мы першую лэдзі краіны?»
- «Праўду кажуць, што Навальны цяпер пра вас фільм здымае?»
- «Калі адправяць Мядзьведзева, Чубайса, Кудрына, Грэфа і іншых у адстаўку? Вы ад іх не стаміліся?»
- «Калі вы перастанеце парушаць палажэньне Канстытуцыі пра максымальнае прэзыдэнцтва ў 2 тэрміны?»
Асноўнымі тэмамі «наўпроставай лініі» сталі заробкі, пэнсіі, сацыяльныя выплаты і ахова здароўя. Усяго прэзыдэнту адправілі каля двух мільёнаў пытаньняў.