«У лягеры мы сьпявалі песьню пра Варашылава, а маці пісала яму ліст», — Мая Кляшторная пра справу з архіваў КДБ

«Бліжэйшым часам я зьбіраюся падрабязна вывучыць справу маці, Яніны Германовіч, бо цяпер у мяне ня той стан здароўя, каб гэта ўсё ўсьвядоміць», — распавяла Свабодзе Мая Кляшторная, дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага.

Мая Тодараўна наведала рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня» у панядзелак 6 чэрвеня на запрашэньне галоўнага рэдактара газэты Паўла Якубовіча. Дзякуючы ягонай ініцыятыве Мая Тодараўна ўпершыню змагла пазнаёміцца з архіўнай справай сваёй маці: кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і супрацоўнікі Цэнтральнага архіву КДБ пайшлі насустрач Паўлу Якубовічу і абнародавалі копіі сакрэтных дакумэнтаў.

Яніна Германовіч, жонка паэта Тодара Кляшторнага

«Ня толькі паказалі, але далі копію мамінай справы. Зьдзівіла мяне, што там ёсьць болей дакумэнтаў, чым у той справе, зь якой мяне знаёмілі шмат гадоў таму, калі ўпершыню да гэтых справаў можна было атрымаць доступ. Калі пры канцы 1980-х мне ў КДБ паказвалі справу, то толькі адкрылі папку, нейкі лісток прачыталі зь яе. Ня мела права нават рукамі дакрануцца. Мне чыталі, а я плакала, была заслона сьлёз. Тады паказвалі і справу бацькі, і справу маці. У той копіі, якую я атрымала цяпер, ёсьць невядомыя мне дакумэнты, напрыклад ліст, мамінай рукой напісаны Кліму Варашылаву».

Мая Кляшторная з горкай іроніяй прыгадвае, як у дзіцячым пасёлку «Піянэрскі», дзе жылі дзеці ворагаў народ, яна вучылі песьню пра Варашылава. Яна з памяці прыгадвае той верш:

«Климу Ворошылову

письмо я написал.

Товарищ Ворошилов,

народный комиссар,

в Красную Армию

брат мой идет.

Товарищ Ворошилов,

если на войне

погибнет брат мой милый,

пиши скорее мне.

Товарищ Ворошилов,

я быстро подрасту

и стану вместо брата

с винтовкой на посту».

Мая Кляшторная падкрэсьлівае, што ставіцца зь вялікай павагай да Паўла Якубовіча, зь якім добра пазнаёмілася яшчэ некалькі гадоў таму, калі брала ўдзел у «круглым стале» пра сталінскія рэпрэсіі ў газэце «СБ. Беларусь сегодня».

31 траўня Маі Кляшторнай споўнілася 80 гадоў. Гэты дзень яна правяла ў Казахстане, у мэмарыяльным комплексе на месцы былога Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў радзімы (Алжыр). 31 траўня ў Казахстане адзначаецца Дзень агульнанацыянальнай памяці і смутку па ахвярах палітычных рэпрэсій. У гэты дзень з былымі вязьнямі і іх нашчадкамі сустрэўся прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Амаль 80 гадоў таму, 30 кастрычніка 1937 году, у Менску быў расстраляны бацька Маі Кляшторнай, паэт Тодар Кляшторны.

Тодар Кляшторны. Здымак з фондаў БДАМЛМ

Фота з архіваў КДБ

Ягоную жонку Яніну Германовіч з 4-месячнай Маяй этапавалі ў Акмолінскі лягер жонак здраднікаў радзімы.

Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмолінскім лягеры, яшчэ шэсьць — у дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў — разам з маці ў ссылцы ў Сыбіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная ўсьвядоміла, што ёсьць іншае, вольнае жыцьцё.