СБУ: фігурант незалежнага расьсьледаваньня ў справе Шарамета не працаваў у інтарэсах органаў бясьпекі

Архіўнае фота. На месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заяўляе, што Ігар Усьціменка, фігурант незалежнага журналісцкага расьсьледаваньня ў справе забойства журналіста Паўла Шарамета, пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы.

«Усё, што трэба ад нас, — мы гатовыя даць максымальнае садзейнічаньне і дапамогу ў расьсьледаваньні гэтай справы. Але мы ня можам выклікаць яго на допыт, ня маючы адпаведнага даручэньня сьледчага ў гэтай справе, якую вядзе галоўнае сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі. Мы паспрыяем вызначэньню месца знаходжаньня Ўсьціменкі, яго дастаўцы на допыт, каб высьветліць ісьціну», — заявіў Васіль Грыцак сёньня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле кіраўніка СБУ, Ігар Усьціменка быў звольнены з органаў бясьпекі «ў сувязі са станам здароўя».

«Ён ня меў ніякага дачыненьня да Службы бясьпекі пасьля звальненьня ў 2014 годзе. Адказваю сваёй галавой. Гэта ж немагчыма будзе ўтаіць, калі расьсьледаваньне пойдзе далей і будуць знойдзеныя нейкія доказы таго, што ён быў пад прыкрыцьцем і працаваў у інтарэсах службы. Не, ён не працаваў у інтарэсах органаў Службы бясьпекі», — падкрэсьліў Васіль Грыцак.

У той жа час старшыня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміў, што Нацыянальная паліцыя пакуль не зьвярталася да СБУ па асабістую справу Ігара Ўсьціменкі.

«Але мы гатовы яе даць і максымальна спрыяць расьсьледаваньню і аб’ектыўнаму разгляду гэтай вэрсіі. Мы адкрытыя для гэтага», — дадаў ён.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 14 траўня паведаміў, што сёньня ў справе пра забойства журналіста Паўла Шарамета дапытаюць былога супрацоўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Ігара Ўсьціменку, на магчымую датычнасьць якога ўказвае незалежнае расьсьледаваньне, зробленае журналістамі праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP.

Журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP 10 траўня прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм пра забойства журналіста Паўла Шарамета. Аўтары фільма-расьсьледаваньня «Забойства Паўла» заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Усьціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе ягоную сьмерць як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей. Да расьсьледаваньня забойства на просьбу ўкраінскай улады далучылася Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.