З чаго «дармаеды» плоцяць падатак?

Ілюстрацыйнае фота. «Сустрэча недармаедаў» у Гомелі, 19 лютага 2017 году

Аказалася, што знайсьці людзей, якія заплацілі так званы пададак «за дармаедзтва» паводле дэкрэту № 3, значна цяжэй, чым тых, хто яго не плаціў і не зьбіраецца гэтага рабіць. І на кантакт з журналістам яны ідуць вельмі неахвотна.

Нягледзячы на тое, што адной з умоў размовы з журналістам у гэтай сытуацыі гарантавалася ананімнасьць, многія людзі ўсё роўна адмаўляліся кантактаваць. Часьцей за ўсё не тлумачылі прычынаў, а часам проста казалі, што маюць на гэта свае прычыны.

Атрымліваецца, што тыя, хто не плаціў і не зьбіраецца плаціць «падатак за дармаедзтва», адкрыта распавядаюць свае гісторыі падчас вулічных акцыяў, а тыя, хто заплаціў, хаваюцца і баяцца пра гэта гаварыць нават на ўмовах ананімнасьці.

Гарадзенец, спадар Пётра, які ўжо шмат гадоў не працуе ні ў адной з афіцыйна зарэгістраваных структураў, а займаецца дробным гандлем, перапрадаючы розныя тавары, патлумачыў сваё рашэньне заплаціць падатак наступным чынам:

— А навошта мне зьвязвацца зь дзяржавай, гэта даражэй абыдзецца. Я заплаціў, і ад мяне адчапіліся. Далей займаюся сваёй справай...

Далей размовы не адбылося. Пэнсіянэр з суседняга дома распавёў гісторыю, што заплаціў падатак за свайго сына, які мае вышэйшую адукацыю, жанаты, мае дзіця, але ня мае пастаяннай працы, а зарабляе на сям’ю выпадковымі падпрацоўкамі.

— Фірма, дзе працаваў сын, закрылася, работы так і не знайшоў, нягледзячы на вышэйшую адукацыю. А ў падатковай сказалі, што калі ня будзе заплочаны падатак, то могуць нават канфіскаваць машыну. Ну і што мне заставалася рабіць, глядзець на гэта? Замест таго, каб нешта купіць унуку, пайшоў і заплаціў...

Яшчэ адну гісторыю распавёў спадар, які мае сяброў-«дармаедаў», што заплацілі падатак яшчэ да Новага году, каб толькі ня мець ніякіх праблемаў зь дзяржавай. Самі яны наадрэз адмовіліся гаварыць пра гэта з журналістам.

— Адзін мой знаёмец дагэтуль езьдзіць у Польшчу, возіць тавар і зарабляе на гэтым. Зразумела, што падаткаў ніякіх ён ня плоціць, але і заробкі такія, каб толькі нагавіцы не зваліліся. І таму, каб ня мець праблемаў зь дзяржавай, пайшоў адразу і заплаціў. А за дваіх іншых сяброў заплацілі бацькі, паколькі дагэтуль, а ім ужо за трыццаць, знаходзяцца, так бы мовіць, на іхным утрыманьні. Заробкі маюць толькі выпадковыя і ня кожны месяц, так падзарабляюць людзі. Адзінае, як жыць даросламу чалавеку, калі падатак за цябе бацькі плацяць? Яны адмаўляюцца размаўляць пра гэта, але жыць з гэтым, паверце, ня проста.

А вось у Слоніме актывіст Міхал Сошка, які зьбіраў подпісы за адмену дэкрэту № 3, распавёў Свабодзе, што сустрэў толькі некалькі чалавек, якія заплацілі падатак, ня ўтойвалі гэтага і паставілі свае подпісы пад лістом у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Міхаіл Сошка

— Я адзін сабраў каля тысячы подпісаў за адмену дэкрэту аб «дармаедах» і толькі некалькі чалавек мне сказалі, што заплацілі гэты падатак з тае прычыны, што працуюць за мяжой у Расеі альбо Польшчы. Адны баяліся, што ім заблякуюць выезд праз дзяржаўную мяжу, а другія, што не прададуць білет у касе ў Расею, паколькі білеты прадаюць толькі па пашпартах. Каб ня мець гэтых праблемаў і ня страціць працы за мяжой, людзі і плацілі гэты падатак. Але яшчэ раз кажу, што гэта толькі адзінкі з тых, хто атрымаў «лісты шчасьця».

Адзіны чалавек, які заплаціў падатак і пагадзіўся паразмаўляць з карэспандэнтам Свабоды, — Ірына Давідовіч зь Іўя, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Спадарыня Ірына — мастачка, але яна не ўваходзіць ні ў які творчы саюз. Кажа, што ў 2015 годзе не прадала ніводнае свае карціны, паколькі рыхтуецца да выставы.

Падатак яна заплаціла яшчэ летась, як толькі выйшаў дэкрэт, — так вырашылі дома з мужам.

Ірына Давідовіч

— Па-першае, мы зрабілі гэта тады, таму што ня ведалі, як наагул з гэтым быць, бо і інфармацыі нават у сацсетках ніякай не было. Вядома, я баялася, што могуць адразу заблякаваць тэлефон, абмежаваць выезд за мяжу альбо наагул прыйсьці і апісаць маёмасьць у нашай кватэры. Таму муж настаяў, каб мы заплацілі гэты падатак, нягледзячы на наш сьціплы сямейны бюджэт.

Праўда, спадарыня Ірына кажа, што зусім не пагадзілася зь дзяржавай у гэтым сэнсе, а заняла актыўную пазыцыю з тым, каб супрацьстаяць дэкрэту № 3. Яна пайшла зьбіраць подпісы ў Іўі супраць дэкрэту № 3, да яе пачалі прыходзіць людзі па кансультацыі, яна брала ўдзел у акцыі супраць дэкрэту № 3 у Горадні, і на яе склалі пратакол, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

— Тым ня менш я настроеная і далей усімі магчымымі сродкамі супрацьстаяць дзейнасьці дэкрэту № 3, паколькі лічу яго незаконным, несправядлівым, які парушае канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі. На маю думку, дэкрэт павінен быць адменены.