Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да «Маршу недармаедаў» у Гомелі далучацца прадпрымальнікі


«Марш недармаедаў» у Гомелі 19 лютага

«Гомельскія прадпрымальнікі далучацца да „Маршу недармаедаў“ 25 сакавіка» — пра гэта заявіла прадпрымальніца Жанна Губкіна на сустрэчы мясцовага камітэту руху «За адмену дэкрэту № 3».

«Дэкрэт гэты ня толькі супярэчыць Канстытуцыі, — кажа Губкіна, — ён супраць здаровага сэнсу. Як можна ў людзей, якія засталіся бяз працы, бяз сродкаў да існаваньня, патрабаваць грошы? Гэта несправядліва, гэта ў галаве ня ўкладваецца. Прадпрымальнікі будуць падтрымліваць „дармаедаў“, бо самі вось ужо сямнаццаць гадоў знаходзяцца пад ціскам уладаў. Указ № 222 наагул паставіў і нас па-за законам. Можна да любога прыходзіць, штрафаваць, канфіскоўваць тавар. Нас меншае з кожным месяцам. Абараняючы беспрацоўных, так званых „дармаедаў“, прадпрымальнікі абараняюць і сябе».

Шэсьце і мітынг 25 сакавіка, у Дзень Волі, камітэт руху «За адмену дэкрэту № 3» вырашыў праводзіць таму, што, нягледзячы на хвалю пратэстаў, улада не падае ніякіх знакаў наконт таго, што зьбіраецца неяк рэагаваць на гэтыя пратэсты.

Цяпер камітэт «За адмену дэкрэту № 3» займаецца стварэньнем дружыны па ахове парадку, узгадняе лёзунгі і патрабаваньні, якія павінны прагучаць, рыхтуе праект рэзалюцыі мітынгу.

Міліцыя тым часам выклікае ў пастарунак найбольш актыўных удзельнікаў папярэдняга маршу, каб скласьці адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG