Хабар судовага выканаўцы — 2 тоны саляркі і каўбаса

Belarus -- sad (merry) pictures, corruption, arrests of officials

Судовы выканаўца гомельскай управы прымусовага выкананьня, якая належыць да галоўнай управы юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму, браў хабар дызэльным палівам і каўбасамі.

Пра гэта паведамляе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці, дадаючы, што дасьледаваньне крымінальнай справы па матэрыялах міліцыі ў дачыненьні да судовага выканаўцы скончана. Пракуратура накіравала справу ў суд.

Паводле сьледзтва, абвінавачаны са сьнежня 2013 году па люты 2016-га за хабары ня раз прыпыняў спагнаньне грошай і маёмасьці ў лік запазычанасьці. Сам выносіў прадпісаньні адказным па суду прадстаўнікам сельгаспрадпрыемстваў і сам жа спыняў.

Устаноўлена, што на падставе перададзеных даўжнікамі паліўных картак судовы выканаўца 26 разоў браў салярку — агулам звыш 2,3 тысячы літраў.

Зафіксаваны і чатыры факты перадачы службоўцу ў якасьці хабару каўбаснай прадукцыі, вырабленай прадпрыемствам-даўжніком.

Сьледзтва кваліфікавала дзеяньні судовага выканаўцы паводле частак 1,2 артыкула 430 Крымінальнага кодэксу. Гэта значыць, службовец прымаў для сябе матэрыяльныя каштоўнасьці, якія даваліся выключна ў зьвязку зь яго пасадай і кампэтэнцыяй, каб абвінавачаны спрыяльна іх вырашаў.

Накладзены арышт на маёмасьць абвінавачанага на агульную суму звыш 17 тысяч рублёў.