Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэканструкцыі стадыёна «Дынама» ў Менску выявілі растраты


Рэканструкцыя стадыёна «Дынама», архіўнае фота

Падчас праверкі на будоўлі менскага стадыёну «Дынама» Камітэт дзяржкантролю выявіў незаконнае выдаткаваньне больш як 600 тысяч рублёў зь бюджэтных сродкаў.

Пра гэта паведаміла агенцтва «Мінск-навіны» са спасылкай на КДК. Растрата такой сумы грошай стала магчымай праз памылку праектанта, якой, верагодна, скарыстаўся падрадчык. У якасьці падрадчыка выступае ААТ «Будтрэст № 1». Заказчык — КУП «УКБ Менгарвыканкаму» — замовіў і аплаціў выдаткі падрадчыка на перавозку на стадыён 39 тысяч пагонных мэтраў абсадных сталёвых трубаў.

Аднак па выніках праверкі КДК высьветлілася: трубы так і не былі дастаўленыя на будаўнічую пляцоўку «Дынама». Справа ў тым, што паводле тэхналёгіі адна і тая ж абсадная сталёвая труба ў працэсе ўсталёўваньня жалезабэтонных паляў мае выкарыстоўвацца шматразова. Пасьля бурэньня сьвідравіны, якое адбываецца ўнутры трубы, гэтую трубу ачышчаюць ад зямлі і паўторна ўключаюць у цыкль працы.

Як паведаміў галоўны спэцыяліст галоўнага ўпраўленьня кантролю па Менску КДК Рыгор Шаколін, «гэтую асаблівасьць праектанты не ўлічылі ў дакумэнтацыі, таму транспартныя выдаткі былі вызначаныя па сумарнай глыбіні мацаваньняў сьвідравін, і атрымалася 39 тысяч пагонных мэтраў».

З гэтага вынікае, што падрадчык, то бок Будтрэст № 1, скарыстаўся памылкай праектантаў і ўключыў у каштарыс выдаткі на перавозку трубаў, але насамрэч трубы ніхто на «Дынама» не прывёз. У выніку дзяржбюджэт панёс страты больш як на 300 тысяч даляраў. Афіцыйнае абвінавачаньне на момант публікацыі матэрыялу прадʼяўлена яшчэ не было, крымінальнай справы не распачыналі.

Свабода паспрабавала зьвязацца з кіраўніцтвам Будтрэсту № 1, каб запытаць, ці прызнаюць там факт незаконнага выдаткаваньня фінансаў.

У паведамленьні КДК не гаворыцца, якое канкрэтна ўпраўленьне Будтрэсту № 1 вінаватае ў растраце. Але Свабодзе стала вядома, што за тэрыторыю, дзе будуюць стадыён, адказвае ўпраўленьне № 16. Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня Аляксей Локцеў сказаў, што ня мае ўяўленьня, пра што ідзе гаворка ў паведамленьні КДК, адмовіўся нешта тлумачыць і сказаў, што яго за гэта не пакаралі:

«Ну, калі я з вамі гавару — значыць, я не арыштаваны».

Тым часам у галоўным упраўленьні Будтрэсту № 1 Свабодзе паведамілі: генэральны дырэктар цяпер знаходзіцца на стадыёне «Дынама», дзе прабудзе да вечара.

Агульны кошт рэканструкцыі стадыёну «Дынама» ў Менску ацэньваецца ў 200 мільёнаў даляраў.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG