Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле назіральнікаў, у ходзе новага наступу загінуў 41 мірны жыхар. Сырыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA паведамляе, што яшчэ 35 пацярпелі ад узьдзеяньня «таксычных газаў» у двух падкантрольных ураду раёнах.
Паведамленьне SANA прыпісвае газавую атаку з «тэрарыстычнымі арганізацыямі», зьвязанымі з Турэччынай і Савудаўскай Арабіяй. Са свайго боку, паўстанцы абвінавацілі ўрадавае войска ў абстрэле падкантрольных паўстанцам раёнаў снарадамі з хлёрам.
Паўстанцы і назіральнікі кажуць, што нядзельныя баі былі ў значнай ступені сканцэнтраваныя вакол буйнога жылога комплексу ў заходняй частцы гораду. Калі паўстанцам удасца яго захапіць, яны апынуцца ў некалькіх кілямэтрах ад цэнтру заходняга Алепа, што кантралюецца ўрадам.
Паўстанцы выкарыстоўваюць сьмяротнікаў і цяжкую артылерыю ў сваіх атаках з захаду, якія пачаліся ў пятніцу. Кіраўнік Syrian Observatory for Human Rights Рамі Абдурахман заявіў, што для супрацьстаяньня паўстанцам урад выклікаў з цэнтральных раёнаў Сырыі падмацаваньне ў выглядзе артылерыйскіх падразьдзяленьняў з тысячы чалавек, відавочна рыхтуючыся да контратакі.
Найбуйнейшы горад краіны Алепа падзелены на часткі, якія кантралююцца ўрадавымі войскамі, паўстанцамі, ісламскімі экстрэмістамі і курдзкімі ўзброенымі фармаваньнямі. Баі за Алепа пачаліся ў 2012 годзе, праз год пасьля пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі. Значная частка гораду сёньня знаходзіцца ў руінах.
Раней на адрас ураду прэзыдэнта Башара Асада неаднаразова гучалі абвінавачаньні ва ўжываньні хімічнай зброі супраць паўстанцаў.