Скасаваць датэрміновае галасаваньне і паставіць відэакамэры на ўчастках — 14 зьменаў у Выбарчы кодэкс ад «Гавары праўду»

Кампанія «Гавары праўду» прааналізавала вынікі мінулых парлямэнцкіх выбараў і зрабіла свае прапановы для ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу.

Прапановы перададзеныя ў ЦВК.

1. Прапісаць у Выбарчым кодэксе працэдуру адкрытага і публічнага падліку галасоў, пры якой кожны сябра ўчастковай выбарчай камісіі і кожны назіральнік бачаць, што пазначана ў кожным зь бюлетэняў.

2. Даць права кожнаму зарэгістраванаму кандыдату накіроўваць свайго прадстаўніка ў склад выбарчых камісіяў з правам вырашальнага голасу.

3. Выключыць фармаваньне выбарчых камісіяў з супрацоўнікаў аднаго працоўнага калектыву або зьвязаных паміж сабой адносінамі «начальнік-падначалены».

4. Адмяніць датэрміновае галасаваньне.

5. Падчас парлямэнцкіх выбараў дазволіць кандыдатам у дэпутаты фармаваць выбарчы фонд з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

6. Дазволіць правядзеньне пікетаў і сустрэчаў з выбаршчыкамі з моманту абвяшчэньня выбараў. Такія пікеты і сустрэчы павінны рэгулявацца Выбарчым кодэксам, а не заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах.

7. На этапе збору подпісаў дазволіць знаёміць выбарнікаў з праграмамі патэнцыйных кандыдатаў, а таксама дазволіць вырабляць друкаваную прадукцыю і вызначыць месцы для яе разьмяшчэньня.

8. Падзяліць дакумэнты, якія прадстаўляюцца патэнцыйным кандыдатам для рэгістрацыі, на асноўныя (подпісы выбарнікаў ці пратакол вылучэньня) і суправаджальныя (дэклярацыя аб даходах, іншыя дакумэнты), прычым памылкі ў суправаджальных дакумэнтах не павінны служыць прычынай адмовы ў рэгістрацыі.

9. Даць магчымасьць кандыдатам самастойна вызначаць, што і як пра іх будзе напісана ў афіцыйнай улётцы.

10. Не пазначаць у афіцыйнай біяграфіі кандыдата факт судзімасьці, калі яна зьнятая.

11. Павялічыць колькасьць давераных асоб кандыдатаў у прэзыдэнты да 50, а кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту — да 30.

12. Удасканаліць мэханізм галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарніка.

13. Пазбавіць старшыню ўчастковай выбарчай камісіі права асабіста выдаляць назіральніка з участку. Рашэньне аб пазбаўленьні назіральніка акрэдытацыі павінна прымацца толькі на пасяджэньні ўчастковай выбарчай камісіі.

14. Усталяваць на ўчастках для галасаваньня відэакамэры для фіксацыі яўкі.