Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч распавяла АГП пра фальсыфікацыі ў акрузе, дзе перамагла Канапацкая


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч перадала Аб’яднанай грамадзянскай партыі факты парушэньняў, зафіксаваных назіральнікам кампаніі «Гавары праўду» на выбарчай акрузе, дзе паводле афіцыйных дадзеных перамагла Ганна Канапацкая.

Паводле дадзеных назіральнікаў «Гавары праўду», на Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 адбыліся масавыя парушэньні, арганізатарамі якіх былі старшыні выбарчых камісіяў. У прыватнасьці, назіральнікі сьцьвярджаюць, што на 27 выбарчых участках акругі ўлады завысілі афіцыйную яўку амаль на 12 тысяч галасоў. Паводле «Гавары праўду», выбары па акрузе не адбыліся — яўка склала толькі 40,6%.

Пералік парушэньняў у пісьмовым выглядзе Тацяна Караткевіч і каардынатар назіральнікаў «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк асабіста перадалі намесьніку старшыні АГП Мікалаю Казлову ў офісе партыі. Ганны Канапацкай і старшыні АГП Анатоля Лябедзькі на сустрэчы не было: Канапацкая адпачывае ў Нямеччыне, а зь Лябедзькам падчас візыту Караткевіч якраз запісвалі інтэрвію.

«Тут адабраныя тыя факты, якія, на наш погляд, дазваляюць прыцягваць старшыняў участковых камісіяў як мінімум да адміністрацыйнай, а ў некаторых выпадках і да крымінальнай адказнасьці», — сказаў Вазьняк.

Тацяна Караткевіч адразу падкрэсьліла, што афіцыйнай скаргі на вынікі выбараў у ЦВК яна падаваць ня будзе, бо мандат усё роўна атрымаў дэмакратычны кандыдат. Але лічыць неабходным расьсьледаваць выпадкі парушэньняў пры дапамозе самой Ганны Канапацкай. Мікалай Казлоў, у сваю чаргу, заявіў, што Канапацкая як дэпутат Палаты прадстаўнікоў гатовая дапамагчы ў расьсьледаваньні парушэньняў ня толькі ў Кастрычніцкай акрузе, але і ў любой іншай.

Тацяна Караткевіч зь Мікалаем Казловым
Тацяна Караткевіч зь Мікалаем Казловым

Пасьля гэтага ў прысутнасьці журналістаў удзельнікі сустрэчы за гарбатай абмеркавалі свае ўражаньні ад парлямэнцкай кампаніі.

Абмеркаваньне тэмы фальсыфікацыяў на выбарах ня выклікала спрэчак. Але ў прынцыпе пра пэрспэктывы супрацоўніцтва АГП і «Гавары праўду» ўдзельнікі сустрэчы выказваліся вельмі стрымана, нічога канкрэтнага не сказаўшы.

Мы, „Гавары праўду“, дамагаліся, каб у парлямэнце сёньня была альтэрнатыва, і мы не казалі, што гэта павінна быць менавіта Караткевіч ці Дзьмітрыеў

«Гавары праўду» і Тацяна Караткевіч скарысталіся прапановай Ганны Канапацкай, якая сказала, што ўсе парушэньні на выбарах трэба расьсьледаваць і што яна гатовая аказаць дапамогу ў гэтым, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы дэпутата.

«Я думаю, што гэта правільны крок. А што тычыцца супрацоўніцтва ў прынцыпе, то пажывём — пабачым. Мы заўсёды гатовыя да супрацоўніцтва», — сказаў у камэнтары Свабодзе Мікалай Казлоў.

У цэнтры — Сяргей Вазьняк
У цэнтры — Сяргей Вазьняк

«Наша пазыцыя нязьменная: мы лічым, што „Гавары праўду“, я, Андрэй Дзьмітрыеў ды іншыя нашы прадстаўнікі могуць супрацоўнічаць з усімі дэмакратычнымі арганізацыямі, калі ёсьць нагода, ёсьць тэма, — заявіла, у сваю чаргу, Тацяна Караткевіч. — У дадзеным выпадку ўсё лягічна. Я адразу сказала, што ня буду афіцыйна падаваць скаргу, бо мандат узяў кандыдат ад дэмакратычнай арганізацыі, і не павінна быць дзеяньняў адзін супраць аднаго, не павінна быць правакацыяў. Мы атрымалі ў адказ пацьверджаньне, што справядлівыя выбары — гэта каштоўнасьць і для АГП, і яны гатовыя разгледзець нашы дадзеныя».

На пытаньне Свабоды, ці лічыць яна сябе сапраўдным пераможцам на выбарах па Кастрычніцкай акрузе, Тацяна Караткевіч адказала наступнае:

«Я скажу так: я адчувала вялікую-вялікую падтрымку. Фальсыфікацыі былі вельмі моцныя — ня толькі наконт яўкі, але і наконт галасоў за кандыдатаў. Гэта была гульня. Мы чакалі, што магчымыя прызначэньні, мы чакалі, што ўлады могуць спалохацца абраць такога кандыдата, які ўжо зарэкамэндаваў сябе і працуе, і на яго будзе складаней уплываць, калі ён мае падтрымку людзей. Але маем, што маем. Мы, „Гавары праўду“, дамагаліся, каб у парлямэнце сёньня была альтэрнатыва, і мы не казалі, што гэта павінна быць менавіта Караткевіч ці Дзьмітрыеў. Гэтая сытуацыя паказвае, што посьпех у палітыцы можа быць, і цяпер трэба яго нарошчваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG