Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч патрабуе ад Сьледчага камітэту пачаць крымінальную справу па фактах фальсыфікацыяў


Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Былы кандыдат у дэпутаты, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч накіраваў у Сьледчы камітэт скаргу па выніках выбараў. Ён патрабуе правесьці праверку і пакараць вінаватых у фальсыфікацыях.

«Падчас як датэрміновага, так і асноўнага галасаваньня мной, а таксама іншымі грамадзянамі былі зафіксаваныя шматлікія факты парушэньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Лічу, што гэтыя факты дакладна сьведчаць аб тым, што падчас выбараў, падліку галасоў па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 былі дапушчаныя такія парушэньні Выбарчага кодэксу, якія паўплывалі на вынікі выбараў», — піша ў скарзе Губарэвіч.

Паводле палітыка, падчас галасаваньня па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 няправільна лічылі галасы выбаршчыкаў. Назіральнікі цьвердзяць, што разыходжаньне па колькасьці выбаршчыкаў з афіцыйнымі дадзенымі зафіксаванае на большасьці ўчасткаў акругі. Агулам яно склала 5546 галасоў.

«Улічваючы, што назіральнікі знаходзіліся на ўсіх участках бесьперапынна на працягу ўсяго часу для галасаваньня і вялі ўлік выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, лічбы назіральнікаў павінны быць дакладныя. Калі б і было разыходжаньне па лічбах, яно мусіла б быць мінімальным», — лічыць Юрась Губарэвіч.

Паводле палітыка, у апошні дзень датэрміновага галасаваньня, а таксама ў дзень асноўнага галасаваньня ў скрыні былі ўкінутыя дадатковыя бюлетэні.

Ён патрабуе правесьці праверку па гэтым факце.

Сярод іншага, Губарэвіч адзначыў выпадкі ўкідваньня бюлетэняў. На ўчастку № 625 назіральнік Якаў Навуменка заўважыў вялікі стос бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасаваньня. На ўчастку № 609 назіральнікі заўважылі ўскрыцьцё скрыні, пячатка і нітка не супадалі. Ён прыводзіць факты, якія пацьвярджаюць, што на акрузе вёўся няправільны падлік галасоў.

Юрась Губарэвіч патрабуе правесьці праверку па парушэньнях выбарчага заканадаўства і ўзбудзіць крымінальную справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG