Расейскі нацыст Мільчакоў прыехаў у Віцебскую вобласьць. Па справах

Аляксей Мільчакоў, архіўнае фота

Кіраўнік атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў сьцьвярджае, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Учора ўвечары камандзір дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» Аляксей Мільчакоў выклаў на сваёй старонцы «Ўкантакце» фота зь беларускай мяжы — Віцебская вобласьць, Гарадоцкі раён.

«Танныя дамы з добрымі ўчасткамі, прыгожыя вёскі і прыемныя людзі», — дадаў ён допіс да гэтага фота.

Фота, якое Аляксей Мільчакоў выклаў на сваёй старонцы «Ўкантакце»

Карэспандэнт Свабоды зьвязаўся зь Мільчаковым праз сацсеткі. Ён паведаміў, што прыехаў у Беларусь «па справах», але ўжо заўтра зьбіраецца зьяжджаць дадому. Камандзір «Русіча» ня стаў раскрываць мэты свайго візыту, а таксама заявіў, што ня хоча сустракацца з прэсай, асабліва зь «лібэральнай». На пытаньне наконт маршруту ягонага візыту ў Беларусь ён адказаў унікліва, адзначыўшы, што «далёка не заяжджаў» (хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе, што ён знаходзіцца ў межах Віцебскай вобласьці — РС).

Трэба адзначыць, што паводле неафіцыйных зьвестак, раней Мільчакоў неаднаразова казаў, што зьбіраецца купіць дом у Беларусі. Сам Мільчакоў зьяўляецца ўраджэнцам Пецярбургу, дзе цяпер і пражывае.

Свабода таксама задала Мільчакову пытаньне наконт так званага зьезду сэпаратыстаў-баевікоў, які паводле непацьверджаных дадзеных ён быццам бы рыхтуе ў Менску ў хуткім часе. Камандзір «Русіча» заявіў у адказ на гэта пытаньне, што асабіста ён нічога не рыхтуе.

«Я не рыхтую нічога. Я толькі ўдзел магу прыняць», — дадаў ён.

На ўдакладненьне, ці наагул плянуецца правядзеньне мерапрыемства такога кшталту ў Беларусі, Мільчакоў адзначыў: «Я сам нічога толкам ня ведаю і таму не магу нічога казаць».

Гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, дзе інструктарамі працавалі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў, займела вялікі розгалас у беларускім грамадзтве. Сам 25-гадовы Мільчакоў заявіў Свабодзе, што ў «Русіча» «вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю».