Генпракурор Беларусі: Беражыцеся расейцаў — абавязкова падмануць

Аляксандар Канюк

Кожная пятая зьдзелка беларускіх прадпрыемстваў з расейскім бокам насамрэч зьяўляецца зьдзелкай з ілжывай структурай.

Пра гэта заявіў сёньня, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк.

Ён расказаў пра сваю паездку ў Маскву, дзе ён сустракаўся са сваім расейскім калегам Юрыем Чайкам. Паводле генпракурора Беларусі, расейскія і беларускія кіраўнікі прадпрыемстваў наладзілі пэўныя карупцыйныя схемы. Зь Беларусі неаднаразова, безь перадаплаты накіроўваецца ў Расейскую Фэдэрацыю прадукцыя. Грошы за яе ў Беларусь не вяртаюцца. Пасьля эмісары зь беларускіх прадпрыемстваў едуць у суседнюю краіну, атрымліваюць там грошы і дзеляць іх. Пры гэтым кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў ў такіх выпадках спасылаюцца на тое, што калі яны ня будуць пасылаць сваю прадукцыю безь перадаплаты, яны згубяць расейскі рынак. Насамрэч пад выглядам эканамічнай рызыкі адбываюцца афшорныя схемы, — сказаў генпракурор Беларусі.

На пытаньне дэпутатаў, колькі грошай такім чынам згубілі беларускія прадпрыемствы, генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк адказаў, што размова ідзе пра трыльёны беларускіх рублёў.