Эўракамісія праверыць пагадненьні, якія краіны Эўразьвязу падпісваць з «Газпромам»

У межах Энэргетычнага зьвязу, праект якога прэзэнтавалі сёньня, Эўракамісія мае намер праверыць дамовы ў сфэры энэргетыкі краінаў-чальцоў Эўразьвязу з трэцім бокам, заявіў эўракамісар па пытаньнях Энэргетычнага зьвязу Мараш Шэўчавіч.

Такія захады, паводле яго, забясьпечаць большую празрыстасьць міжурадавых дамоваў і іх адпаведнасьць заканадаўству Эўразьвязу. Эўракамісія заклікала краіны Аб’яднанай Эўропы супрацьстаяць ціску Расеі ў пытаньні будаўніцтва «Паўднёвага патоку». У прыватнасьці, там лічаць, што кантракт Баўгарыі з «Газпромам» падпісаны з парушэньнем эўрапейскіх правілаў канкурэнцыі ў энэргетыцы.

Вугоршчына заявіла, што будзе будаваць сваю частку «Паўднёвага патоку». Мараш Шэўчавіч лічыць, што вугорскага прэм’ера Віктара Орбана атрымаецца пераканаць, што Эўракамісія павінна мець уплыў на падпісаньне міжурадавых энэргетычных пагадненьняў.