Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская «Новая газета» апублікавала плян адарваньня Расеяй украінскіх тэрыторый


Журналісты выданьня мяркуюць, што расейскія ўлады вырашылі далучыць частку тэрыторый Украіны на фоне пратэстаў на Майдане, калі прэзыдэнтам краіны яшчэ быў Віктар Януковіч.

Выданьне публікуе дакумэнт, які апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі і які мог разглядацца адміністрацыяй прэзыдэнта, мяркуецца, у пэрыяд паміж 4 і 12 лютага 2014 году. У пляне гаворыцца пра тое, што Расея магла б узяць удзел у «геапалітычнай інтрызе» па разьдзеле Ўкраіны.

Ніякіх разваг аб «рускім сьвеце» ці абароне расейскамоўных жыхароў там няма. Затое аўтары дакумэнту двойчы нагадваюць пра неабходнасьць захаваць кантроль над украінскай газатранспартнай сыстэмай (ГТС).

У пляне прыводзіцца ацэнка сытуацыі ва Ўкраіне ў апошнія дні прэзыдэнцтва Віктара Януковіча і плян умяшаньня Расеі ў гэтую сытуацыю. На думку аўтараў дакумэнту, сытуацыя ў той час была складаная. Януковіч, «чалавек невысокіх маральна-валявых якасьцяў», імкліва губляў уладу. Вызначыць яго пераемніка — «выразнага палітычнага суб’екта, зь якім Расейская Фэдэрацыя магла б весьці перамовы», — уяўлялася немагчымым.

Аўтары распрацоўкі былі ўпэўненыя, што палітыкамі ва Ўкраіне кіруюць алігархі, і на Майдане «пануюць» маргіналы і прадстаўнікі крыміналітэту, нібыта падкантрольныя польскім і брытанскім спэцслужбам. Украіна будзе паглынутая Эўразьвязам, — меркавалі аналітыкі і прапаноўвалі Расеі паўдзельнічаць у «геапалітычнай інтрызе».

Па-першае, прапаноўвалася спыніць падтрымку Януковіча, паколькі гэта ўжо «ня мае ніякага сэнсу». Па-другое, пастулявалася неабходнасьць «ўмяшацца ў геапалітычную інтрыгу». Інакш, пісалі аўтары дакумэнту, Расея рызыкуе страціць ня проста ўкраінскі рынак збыту энэрганосьбітаў, але і кантроль над газатранспартнай сыстэмай Украіны, што паставіць пад удар «Газпром» і можа нанесьці шкоду эканоміцы.

Уплываць на сытуацыю ў краіне, якая, на думку аўтараў дакумэнту, ужо расколатая па восі «захад-ўсход», прапаноўвалася спачатку легітымнымі мэтадамі: «дамагчыся заключэньня дамоваў аб прыгранічным і трансгранічным супрацоўніцтве, а затым усталяваць прамыя дзяржаўна-дамоўныя дачыненьні з тымі украінскімі тэрыторыямі, дзе ў наяўнасьці ўстойлівыя прарасейскія электаральныя сымпатыі ». Аўтары пляну сьцьвярджалі, што эліты павінны падтрымаць гэтае рашэньне, паколькі асьцерагаюцца «чыстак»: у Кіеве на іх ёсьць дастаткова «кампрамату».

Аўтары дакумэнту прапаноўвалі выкарыстоўваць і менш праўныя мэтады. У прыватнасьці, прапаноўвалася ініцыяваць далучэньне ўсходніх абласьцей Украіны да Расеі. «Неабходна падрыхтаваць ўмовы для правядзеньня ў Крыме і Харкаўскай вобласьці (а далей і ў іншых рэгіёнах) рэфэрэндумаў, якія ставяць пытаньне пра самавызначэньне і далейшай магчымасьці далучэньня да Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў дакумэнце. Павінны былі быць вылучаны патрабаваньні «фэдэралізацыі» і «сувэрэнізацыі».

Для гэтага плянавалася заручыцца падтрымкай элітаў: тагачаснага мэра Харкава Міхаіла Добкіна (цяпер — дэпутата Рады ад «Апазыцыйнага блёку») і старшыні партыі «Рускае адзінства» Сяргея Аксёнава (цяпер — кіраўнік Рады міністраў Крыму). Пры гэтым аўтары дакумэнта ўсьведамлялі, што легітымным чынам «запусьціць інтэграцыю ўкраінскіх ўсходніх тэрыторый і Крыму ў дзяржаўна-праўнае поле Расейскай Фэдэрацыі» немагчыма.

Распрацоўнікі пляну прапаноўвалі таксама разгарнуць PR-кампанію, каб пацьвердзіць «вымушаны характар» дзеяньняў актывістаў, якія павінны былі абвясьціць аб сувэрэнітэце. Меркавалася, што актывісты будуць выступаць супраць грамадзянскай вайны, супраць навязваньня ім волі Майдану і за разьвіцьцё адносін з РФ. «У падтрымку далучэньня ўсходніх абласьцей Украіны да Расіі павінны выступіць шырокія колы грамадзкасьці ў самой Расеі», — гаварылася ў дакумэнце.

У пляне паказваецца, што вышэйпералічаныя дзеяньні ня толькі дазволяць РФ захаваць кантроль над ГТС Украіны, але і нададуць імпульс інтэграцыйным праектам Крамля, а таксама дазволяць РФ вярнуць адну з галоўных роляў у Эўропе. «Новая газэта» падкрэсьлівае, што плян быў створаны яшчэ да таго моманту, які ў Маскве быў ахарактарызаваны як «дзяржаўны пераварот» і які «стаў галоўным апраўданьнем далейшых дзеяньняў». Акрамя таго, у выданьні зьвярнулі ўвагу, што ў дакумэнце не гаворыцца аб абароне расейскамоўных жыхароў і няма ніякіх філязофскіх разваг аб «Рускім сьвеце»: толькі «геапалітыка і халодная мэтазгоднасьць».

У газэце мяркуюць, што ў падрыхтоўцы дакумэнту мог прымаць удзел бізнэсовец Канстанцін Малафееў, які цяпер падтрымлівае сэпаратыстаў Данбасу.

Цалкам дакумэнт тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG