Украіна ў жалобе па ахвярах абстрэлу пад Валнавахай

У чацьвер а 12 гадзіне Ўкраіна ўшануе памяць загінулых у абстрэле паблізу горада Валнаваха Данецкай вобласьці хвілінай маўчаньня.

Адпаведны ўказ выдаў у сераду ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

15 студзеня прэзыдэнт Парашэнка абвясьціў днём жалобы па загінуўшых у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

«Я прыняў рашэнне абвясьціць студзеня 15 днём жалобы па ўсіх, хто загінуў ад рук тэрарыстаў, і ў першую чаргу за 12 мірнымі жыхарамі, якія загінулі на блёкпосце пад Валнавахай», — сказаў Парашэнка.

Колькасьць забітых ад выстралаў «Граду» на гэты момант склала 13 чалавек, яшчэ 15 застаюцца ў шпіталях у цяжкім стане.

Сёньня ва Ўкраіне адмененыя забаўляльна-канцэртныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, а ў праграмы тэле- і радыёперадач унесеныя адпаведныя зьмены.

Сусьветная супольнасьць асудзіла абстрэл цывільнага аўтобуса ў Данецкай вобласьці. Рада бясьпекі ААН заклікала правесьці аб’ектыўнае расьсьледаваньне гэтага абстрэлу, а ў ЭЗ і АБСЭ заклікалі выконваць умовы замірэньня.

Спачуваньні з нагоды трагедыі народу Ўкраіны выказалі францускі прэзыдэнт Франсуа Алянд і нямецкі канцлер Ангела Мэркель; абстрэл асудзілі і ў Вашынгтоне.

Пракуратура Данецкай вобласьці завяла справу па артыкуле тэракт. Афіцыйны Кіеў абвінаваціў у яго зьдзяйсьненьні прарасейскіх сэпаратыстаў.

Апошнім часам сэпаратысты так званых ДНР і ЛНР і расейскія вайскоўцы, якія захапілі частку Лугаскай і Данецкай абласьцей актывізавалі гарматныя абстрэлы пазыцый украінскіх вайскоўцаў, працягваюцца атакі на Данецкі аэрапорт, дзе ідуць найбольш жорсткія баі.