Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: расстрэлы ў Парыжы і Валнавасе — падзеі з аднаго шэрагу


Масавыя расстрэлы людзей у Парыжы і горадзе Валнаваха Данецкай вобласьці кваліфікаваныя як тэракты,— заявіў прэзыдэнт Парашэнка.

Пра гэта ў аўторак увечары заявіў прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка пасьля таго, як у выніку абстрэлу прарасейкіх баевікоў на Данбасе загінулі не менш за 11 пасажыраў рэйсавага аўтобуса і 17 былі параненыя.

Цывілізаваны сьвет павінен згуртавацца ў барацьбе з тэрарызмам, падкрэсьліў Парашэнка, выказваючы глыбокае спачуваньне сем’ям загінуўшых і пацярпелых, паводле ягоных словаў, «ад рук тэрарыстаў»:

«Тэрарысты з так званай „ДНР“ нанесьлі ракетны ўдар па аўтобусе з мірнымі грамадзянамі. Нелюдзі, для якіх, акрамя абясцэненых рублёў, няма больш нічога сьвятога, наўмысна забілі мірных грамадзян ... Гэтыя сьмерці — на сумленьні аб’яднанай дэнээраўскаў-лээнэраўскай банды і тых, хто за ёй стаіць, з чыіх рук яна корміцца, хто яе узбройвае, муштруе і натхняе на крывавыя злачынствы», — заявіў Парашэнка.

Парашэнка зазначыў, што ў сувязі з тэрарыстычнай атакай урад Украіны вымушаны ўзмацніць абмежаваньні на перамяшчэньне праз лінію, за якой знаходзяцца падкантрольныя баявікам раёны Данбаса.

Акрамя таго, Парашэнка паведаміў, што гаварыў з прэзыдэнтам Эўрапейскага парлямэнту, і Марцін Шульц запэўніў, што ўжо ў чацьвер, 16 студзеня, Эўрапарлямэнт закліча кіраўніцтва Эўразьвязу ўключыць так званыя «ДНР» і «ЛНР» у сьпіс тэрарыстычных арганізацый.

«І гэта будзе належная міжнародна-прававая ацэнка дзеяньням баевікоў, якія ня хочуць спакою на Данбасе, якія адмаўляюцца выконваць менскія дамоўленасьці, якія не выконваюць рэжым спыненьня агню, якія атакуюць нашых вайскоўцаў і забіваюць мірных ўкраінскіх грамадзян», — лічыць Пятро Парашэнка.

Раней у выніку абстрэлу з установак «Град» ўкраінскага блёкпаста ў населеным пункце Бугас непадалёк Валнавахі, ажыцьцёўленага з захопленага сэпаратыстамі горада Дакучаеўска Данецкай вобласьці, загінулі 11 і параненыя 17 пасажыраў рэйсавага аўтобуса. Данецкая пракуратура па факце абстрэлу ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «тэрарыстычны акт».

Паводле яе даных, баевікі групоўкі «ДНР», ведаючы, што па дарозе «Данецк — Марыюпаль» перамяшчаюцца толькі цывільныя асобы і не спыняецца рух пасажырскага транспарту, ажыцьцявілі прыцэльны ўдар з выкарыстаньнем сыстэмы рэактыўнага залпавага агню «Град», выкарыстаўшы больш за 40 снарадаў.

У той жа час у «ДНР» цяпер заяўляюць, што ня маюць дачыненьня да абстрэлу. Гэтыя заявы прагучалі пасьля таго, як спачатку сэпаратысты хваліліся ў сацсетках пра «пасьпяховае зьнішчэньне» ўкраінскага блёкпаста пад Валнавахай.

На мінулым тыдні ў Парыжы ў выніку нападаў ісламістаў загінулі 17 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG