Лінкявічус — пра «перазагрузку» з Беларусьсю і іншымі суседзямі

Кандыдат на пасаду міністра замежных спраў Літвы амбасадар у Беларусі Лінас Лінкявічус мяркуе, што Літве была б выгадная «перазагрузка» адносін з суседзямі, але падкрэсьлівае, што рэвалюцыйных зьменаў у зьнешняй палітыцы ня будзе.
Пра гэта ён заявіў у інтэрвію агенцыі BNS, якое цытуе партал Delfi.

"Зразумела, што калі прыходзіць новая адміністрацыя, заўсёды варта чакаць якой-небудзь «перазагрузкі». Вядома, усё чакаюць яе ў добрым сэнсе. Паколькі ў адносінах з суседзямі ў нас сапраўды ёсьць рэзэрв, мякка кажучы, то ясна, што пэўная „перазагрузка“ ніколі не пашкодзіць. Я маю на ўвазе ўсіх нашых суседзяў», — сказаў дыплямат.

Па словах Лінкявічуса, ў адносінах з суседзямі Літве трэба кіравацца дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, аднак не забываць і аб практычных інтарэсах краіны. Паводле яго ў гэтым выпадку важна знайсьці балянс.

«Я б выдзеліў паўночныя краіны як рэгіён, у якім у нас вялікія амбіцыі, надзеі і чаканьні. Я б таксама назваў Польшчу, Расею, Беларусь», — сказаў Лінкявічус.

Па словах кандыдата ў міністры асабліва важным партнэрам павінны застацца ЗША.

51-гадовы дыплямат сказаў, што будзе імкнуцца да шырокага палітычнага кансэнсусу па пытаньнях зьнешняй палітыкі.

«Хацелася б нагадаць, што выступаючы ў Сойме, кандыдат у прэм’ер-міністры падкрэсьліў, што рэвалюцый не будзе. У такіх галінах, як зьнешняя палітыка, палітыка бясьпекі, важная пераемнасьць. Стратэгічныя мэты павінны застацца — гэта нашы міжнародныя абавязацельствы ў міжнароднай палітыцы, сяброўства ў ЭЗ і НАТА», - сказаў кандыдат у міністры.

Ён дадаў, што адным з найбольш сур’ёзных выклікаў у яго працы будзе старшынёўства Літвы ў ЭЗ у другім паўгодзьдзі 2013 году.

Л.Лінкявічус нарадзіўся ў Вільні ў 1961 годзе. Ён пачаў палітычную кар’еру ў незалежнай Літве ў 1992 годзе, калі трапіў у Сойм ад Літоўскай Дэмакратычнай Партыі працы. У гэтай партыі, якая была ўтвораная на базе Кампартыі Літвы, Л. Лінкявічус быў да 1996 года. З 2004 года ён — чалец Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Лінкявічус двойчы — у
1993-1996 гадах і ў 2000-2004 гадах — быў міністрам абароны Літвы. Падчас другога тэрміну паўнамоцтваў ён займаўся інтэграцыяй Літвы ў НАТА і першым з міністраў абароны Літвы браў удзел у сустрэчы кіраўнікоў абаронных ведамстваў НАТО ў Бруселі.

Таксама двойчы — у
1997-2000 гадах і ў 2005-2001 гадах ён працаваў амбасадарам Літвы пры НАТО.

Увосень 2011 года Лінкявічус вярнуўся на працу ў МЗС у Вільні як пасол па асобых даручэньнях, таксама ён стаў кансультантам лідэра кансэрватараў прэм’ера Андруса Кубілюса. У 2012 годзе Лінкявічус ўзначаліў амбасаду Літвы ў Менску.

У верасьні гэтага году у інтэрвію пра магчымую ролю Літвы як адваката Беларусі ў Эўразьвязе адказаў наступнае:

Лінкявічус: Я б сказаў шырэй. Ёсьць такі тэрмін «cultural interaction». Ну, скажам, калі размаўляеш зь некім, нейкія словы могуць разумецца іначай, патрэбны адпаведны «інтэрфэйс». Ён ёсьць паўсюль у дыялёгу Захаду з Усходам. Літва цяпер геапалітычна нібыта і на Захадзе, але паводле мэнталітэту, псыхалёгіі мы ўсё яшчэ ў іншай прасторы. І таму мы і можам быць гэткім інтэрфэйсам паміж Захадам і Беларусьсю — ня толькі адвакатам, а каб было лепей зразумець, каб больш даходліва перадаць нейкі сыгнал, даць нейкую параду, калі такія парады патрэбныя, іх таксама нельга навязваць.