Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Літва будзе «інтэрфэйсам» паміж Захадам і Беларусьсю


На адкрыцьці Міжнароднага Кангрэсу дасьледнікаў Беларусі з прывітальным словам выступіў новы амбасадар Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус. У кулюарах Кангрэсу ён падзяліўся з Радыё Свабода ўражаньнямі ад пачатку сваёй працы на новым месцы.

РС: Спадар амбасадар, пачатак вашай працы ў Беларусі прыпаў на «няўдалы» час — беларуска-літоўскія дачыненьні азмрочаны «справай Бяляцкага», нядаўнімі выбарамі, якія вельмі рэзка ацанілі эўрапейскія краіны. У параўнаньні з папярэднім пэрыядам — ці будзеце вы практыкаваць нейкія новыя падыходы ў двухбаковых дачыненьнях?

Лінкявічус: Ну, пакуль яшчэ рана пра гэта гаварыць, я ў Менску толькі два месяцы. Я ня буду спасылацца на час — удалы ён ці не, бо нешта гарачае можа адбыцца заўсёды. Нешта адбылося ў мінулым, нешта — сёньня, а нешта можа адбывацца і ў будучыні, проста трэба да гэтага быць гатовым.

калі мы пачнем адны на адных паказваць пальцам, мы ніколі не пачнем нармальна размаўляць

Я думаю, што мая задача як амбасадара, усёй нашай амбасады — гэта ўсё ж кантакты. Тут можна шмат разважаць, ёсьць розныя падыходы, канцэпцыі. Адна зь іх — зачыніць усе шлюзы і ізаляваць такім чынам Беларусь, паспрабаваць яе «пакараць». Але ўсё ж вельмі важна захаваць кантакты, дыялёг, адкрыць грамадзтва, каб больш беларусаў езьдзіла за мяжу, у Эўропу, каб яны бачылі іншае жыцьцё, каб самі маглі параўноўваць і рабіць высновы. Мы ня можам навязваць свае парадкі, сваё мысьленьне, і ня будзем гэтага рабіць. А вось расказваць, дыскутаваць, параўноўваць — так чалавек мяняецца, так зьяўляецца прагрэс.

Можа гэта гучыць абстрактна, але я бачу ў гэтым вялікую практычную мэту. Калі вам здаецца, што гэта новы падыход — давайце лічыць, што гэта так.

РС: Вось летась, калі Аляксандар Лукашэнка абразіў спадара Барозу, была рэакцыя Эўракамісіі ў сэнсе, што «мы не камэнтуем заявы прыватных грамадзянаў», а вось вы гэтаму прыватнаму грамадзяніну будзеце ўручаць даверчыя лісты...

Лінкявічус: Так, бо ён — прэзыдэнт.

РС: Але ж было сказана «прыватны грамадзянін»...

Літва цяпер геапалітычна нібыта і на Захадзе, але паводле мэнталітэту, псыхалёгіі мы ўсё яшчэ ў іншай прасторы

Лінкявічус: Ня ведаю хто там што сказаў, але я знаходжуся ў краіне, паважаю законы гэтай краіны. За парадак у гэтай краіне і за яе законы адказваюць грамадзяне гэтай краіны, я не магу ў гэты парадак увязвацца. Я мушу тут ісьці прававым шляхам... Ня думаю, што мы павінны паўтараць гарачыя заявы палітыкаў, яны гучаць з усіх бакоў, можа з аднаго боку крыху часьцей. Але калі мы пачнем усё гэта паўтараць і адны на адных паказваць пальцам, мы ніколі не пачнем нармальна размаўляць.

РС: Аў вас за гэтыя два месяцы ўжо былі нейкія кантакты з прадстаўнікамі беларускай улады, у прыватнасьці зь міністрам замежных справаў Макеем?

Лінкявічус: Так, я сустракаўся са спадаром Макеем, у нас была даволі працяглая і, думаю, канструктыўная размова. Цяжка рабіць нейкія высновы, паглядзім, як гэтая размова працягнецца ў будучыні.

РС: Некаторыя літоўскія палітыкі і аналітыкі кажуць пра магчымую ролю Літвы як адваката Беларусі ў Эўразьвязе. Вы будзеце такім адвакатам?

Лінкявічус: Я б сказаў шырэй. Ёсьць такі тэрмін «cultural interaction». Ну, скажам, калі размаўляеш зь некім, нейкія словы могуць разумецца іначай, патрэбны адпаведны «інтэрфэйс». Ён ёсьць паўсюль у дыялёгу Захаду з Усходам. Літва цяпер геапалітычна нібыта і на Захадзе, але паводле мэнталітэту, псыхалёгіі мы ўсё яшчэ ў іншай прасторы. І таму мы і можам быць гэткім інтэрфэйсам паміж Захадам і Беларусьсю — ня толькі адвакатам, а каб было лепей зразумець, каб больш даходліва перадаць нейкі сыгнал, даць нейкую параду, калі такія парады патрэбныя, іх таксама нельга навязваць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG