Януковіч пра вызваленьне Цімашэнкі: хачу, але не магу

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч 21 лютага 2012

У інтэрвію тыднёвіку Time --> http://world.time.com/2012/06/14/a-frank-interview-with-ukraines-president-politics-is-the-ability-to-control-your-emotions/ прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сказаў , што ён хоча памілаваць Юлію Цімашэнку, але ня можа гэтага зрабіць цяпер, пакуль ня скончыліся ўсе судовыя працэдуры.

У праватнасьці, Януковіч адзначыў:

«Самае простае рашэньне — дазволіць Цімашэнцы выйсьці з турмы. Мая рэакцыя на гэта такая: я не магу дзейнічаць за рамкамі закону… Прэзыдэнт ня мае такіх інструмэнтаў. Мне трэба зрабіць усё паводле літары закону. Калі маглі б зьявіцца пытаньні [яе памілаваньня]? Яны могуць зьявіцца, калі закончыцца судовы працэс. Калі гэта закончыцца, калі суды прымуць свае рашэньні, уключна з Эўрапейскім судом па правах чалавека, тады можна будзе пакарыстацца паўнамоцтвамі прэзыдэнта і даць памілаваньне. Але пакуль суды не прынялі свайго рашэньня адпаведна празрыстай і законнай працэдуры, я ня ў сілах гэта зрабіць».

Юлія Цімашэнка, якая адбывае пакараньне сямі гадамі турмы, неаднаразова заяўляла, што яна не папросіць Януковіча аб памілаваньні, бо яна лічыць сябе невінаватай.